Аўтарам

Вы ўжо атрымалі станоўчы адказ пра ваш твор ад рэдактара прозы або паэзіі?

Тады вам трэба даслаць ў рэдакцыю:

  • Свой самы сапраўдны фотаздымак: той, які больш за іншыя дэманструе прыгажосць, шчырасць, адкрытасць, душэўную шчодрасць, апантанасць, натхнёнасць, зацікаўленасць, добразычлівасць... Калі карацей, то гэта павінен быць той фотаздымак, у якім кожны ўбачыць шчасце ў вашых вачах. Вы ж марылі надрукавацца ў “Маладосці”? Значыць, шчасця вам не пазычаць. Толькі, калі ласка, не прысылайце фотаздымак дзесяцігадовай даўнасці: чытачу, паверце, важна бачыць таго, хто напісаў ТАКОЕ, як ён выглядае ЦЯПЕР. Не прымаюцца таксама фотаздымкі аўтараў з тэлефоннымі трубкамі, гітарамі, мікрафонамі, кветкамі, хатнімі жывёламі і ў сонечных акулярах.
  • Звесткі з вашага пашпарта: імя, імя па бацьку і прозвішча, серыя і нумар, асабісты нумар, радок пра тое, дзе і кім выдадзены дакумент, а таксама адрас, на які вы гатовы атрымаць паведамленне, у якім будзе сказана пра ганарар, які вам трэба будзе забраць на пошце на працягу месяца пасля атрымання паведамлення. Улічвайце, калі ласка, што ганарар выплочваецца не ў месяц публікацыі, а пазней. І што самы правільны варыянт як яго распусціць — зрабіць паўгадавую падпіску на “Маладосць”. Проста таму, што яна вас любіць. (Астатняе пусціце на цукеркі).
  • Інфармацыю пра сябе як чалавека, які піша, і як проста чалавека. Вы захапляецеся дайвінгам і лічыце, што без пагружэння на глыбіню ніяк не перажыць тых адчуванняў, якія дапамагаюць канцэнтрыраваць пісьменніцкую энергію? Падзяліцеся досведам, дзе лепш даваць нырца. Вы студэнт, які не здаў ніводнага экзамена без выкарыстання шпаргалкі? Дык вось чаму ў вас так добра атрымліваюцца характары! Вы бацька чатырох дачок і таму галоўная тэма вашай творчасці — касмічная фантастыка? Пішыце, калі ласка, фантастыку. Вам карціць адкрыць у сваім горадзе сярэднявечную карчму і прыняць у штат трох ведзьмачак? Дык на тое ж вы і аўтар фэнтэзі!
  • Інфармацыя, якую вы прадставіце пра сябе, будзе выкарыстана для стварэння “візітоўкі” — кароткага паведамлення на першай старонцы вашай публікацыі (пад вашым шчаслівым фотаздымкам).

Узоры візітовак аўтараў “Маладосці”

(спісаны з тарца шафы, што стаіць у пакоі рэдактараў паэзіі і прозы; усе іимёны і прозвішчы прыдуманы, супадзенні, калі яны здарацца, трэба лічыць выпадковымі)

творчая майстэрня

Ганна Празайкіна нарадзілася 5 ліпеня 1992-га ў вёсцы Верцялішкі Гродзенскага раёна. Вучыцца на эканаміста ў Горацкай сельгасакадэміі. Паважае Камю. Марыць перакласці на беларускую тое-сёе з Булгакава. Любіць восень і дождж. На сняданак выбірае каву з вяршкамі, а да яе — кавалачак дэсертнага траецкага.

Аляксандр Кролікаў нарадзіўся 3 снежня 1964 года ў Старобіне. Па адукацыі юрыст. Працуе настаўнікам. Друкуецца ў літаратурных часопісах і “ЛіМе”. Гатовы спрачацца, што ў літаратурным творы на першым месцы павінна быць ідэя, а ўжо потым мова. Лічыць, што ў сутках працавітага чалавека сорак восем гадзін.

Лёля Сыманчыкава нарадзілася 6 жніўня 1980 года ў Нясвіжы. Апавяданні піша з сямі гадоў. Марыла стаць філолагам, але перадумала: цяпер вырошчвае кветкі для ўпрыгожвання сталіцы. Піша ў вольны ад працы і сямейных абавязкаў час. Марыць стварыць бестселлер. Двойчы мама. Выдатна гатуе салянку і варэнікі з макам.

Марцін Кухта нарадзіўся 3 лістапада 1985 года ў пасёлку Фаніпаль Дзяржынскага раёна. Займае добрую пасаду ў прыватным архітэктурным бюро. Вершы піша па начах, калі сумна або ідзе дождж. Тыповы жаўрук, свой дзень ён пачынае з запісу ў блог, які вядзе выключна для сяброў. Захапляецца гісторыяй краіны. Надумаў жаніцца.

Прыкладная схема:

Першы сказ — па жорсткай схеме: Імя Прозвішча нарадзіўся (-лася) дзень месяц год ў родным склоне ў населеным пункце назва (калі вёска, то з указаннем раёна) кропка.

Далей — адзін радок пра вучобу, працу або месцы публікацый.

Астатняе — жыццёвая пазіцыя, захапленні, думкі, мары і іншае з таго, што можа зацікавіць прыхільніка творчасці.

Дэвіз візітоўкі: не ХТО і ЯК, а ЯКІ і ЧАМУ.

Няхай ваш творчы шлях будзе шчаслівым!