Часопіс Бярозка

Часопіс «Бярозка»


Увага

Старонка больш не абнаўляецца. Новы адрас выдання тут: http://zviazda.by/be/edition/byarozka


Падпісныя індэксы:

Ведамасныя:
74879 льготны ведамасны (для школ) – 40 000 рублёў за нумар, 120 000 рублёў на квартал, 240 000 рублёў на паўгоддзе.
748222 ведамасны – 45 000 рублёў за нумар, 135 000 рублёў на квартал, 270 000 рублёў на паўгоддзе.

Індывідуальныя:
74888 для членаў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі — 20 000 рублёў за нумар, 60 000 рублёў на квартал, 120 000 рублёў на паўгоддзе.
74822 індывідуальны – 25 000 рублёў за нумар, 75 000 рублёў на квартал,
150 000 рублёў на паўгоддзе.

Бярозка +

Пешаходны Минск

Пешаходны Мінск

Канцэрт гурта JморсКанцэрт гурта Jморс
Майстар-клас па танцахМайстар-клас па танцах
Рамеснікі хаваюцца ад спякотыРамеснікі хаваюцца ад спякоты
Тэатр танца АльтантаТэатр танца Альтанта

«Пешеходка.бел» – адзін з самых буйных вулічных праектаў, за апошнія гады ў Мінску. Гэтаму мерапрыемству ўжо не першы год. Праўда, такі маштаб яно набыло толькі ў 2016-ым: лета ў Мінску яшчэ ніколі не было настолькі жывым і актыўным.

Субота праверыла беларусаў на цягавітасць. У гэты дзень быў пабіты тэмпературны рэкорд за 109 гадоў! Але анамальная спякота не стала перашкодай на шляху да творчасці. Людзі збірацца вакол «культурных» пляцовак у тым ліку і турысты.

Што, зразумела, становіцца нагодай для з’яўлення ў Старым горадзе не толькі стацыянарных шапікаў з сувенірамі, але і часовых кропак гандлю. На працягу дня тэмпература зніжалася, а колькасць людзей павялічвалася. Таму каля Ратушы на канцэрце групы Intelligency гледачоў было досыць.

Дарэчы, адбывалася адна цікавая рэч, апетая калісьці Вольскім, – горад нібы падзяліўся на Менск і Мінск. У старой яго частцы (Верхнім горадзе) ва ўсю «грукатала» вулічнае мастацтва. А ў новай, каля Палаца Спорту, святкавалі Дзень вышыванкі з шашлыком і «традыцыйнымі забавамі». «Мы жывем адначасова ў двух гарадах, падваенне асобы зрывае нам дах, дык няўжо нам ніколі ня склеіць, ня сшыць, Менск і Мінск – дзьве паловы сталічнай душы».

У Дзень незалежнасці «пешеходка» таксама не расчаравала, аднак стала яшчэ адным выпрабаваннем стойкасці беларусаў. Навальніца, вецер і маланка наведалі Мінск. З-за непрыстасаванасці пляцовак да такіх умоў, шэраг выступаў прыйшлося адмяніць. Але нават аранжавы ўзровень небяспекі не перашкаджаў атрымліваць асалоду ад музыкі. Пад вечар надвор’е ўсё ж такі дало гледачам трохі расслабіцца і канцэрт гурта J:морс адбыўся.

На мой погляд, выходныя паказалі, што жыхары і госці Мінска гатовыя прайсці агонь, ваду і медныя трубы на шляху да мастацтва. А «Пешеходка.бел» будзе працаваць на працягу ўсяго лета, па выхадных з 12-ці да 22-ух.

Яна Мусвідас

5 ліпеня 2016 г.

З пошты

З пошты

Прывітанне, любімы часопіс «Бярозка»!

Заўседы з прыемным хваляваннем бяру ў рукі новы нумар. Цікава чытаць артыкулы на беларускай мове, напісаныя маімі аднагодкамі. Я таксама спрабую пісаць, але пакуль саромеюся паказваць свае публікацыі іншым. Але ўсё ж лічу, што мне ўдаецца разам з камандай «Неасакратыкі» ўдала ўдзельнічаць у турнірах па інтэлектуальных гульнях «Што? Дзе? Калі?». Кіраўніком нашай каманды з’яўляецца загадчык бібліятэкі Валянціна Іванаўна Літвіновіч. Дарэчы, менавіта яна мяне і маіх сяброў пазнаёміла з «Бярозкай», бо чытае яго сама з часоў свайго дзяцінства. Мы «глытаем» часопіс на занятках з камандай, выкарыстоўваем матэрыял нумароў пры падрыхтоўцы да гульняў.

У вясеннім турніры наша каманда заняла другое месца, дзякуючы табе «Бярозка», бо падчас гульні гучалі пытанні, адказы на якія мы прачыталі на тваіх старонках.

У чытальный зале нашай школы «Бярозка» з’яўляецца адным з самых папулярных часопісаў сярод наведвальнікаў, таму што Валянціна Іванаўна так цікава расказвае пра яго, што хочацца чытаць і чытаць, а калі пачынаем чытаць, то ўжо не можам адарвацца.

Бяроза косы звесіла…

Я – з сябрамі, нам весела.

Разам быць, сябрам дапамагаць,

Оперу і ордэн у сканвордзе адгадаць.

Злучыць нашы памкненні – нямала.

Крыніцаю натхнення «Бярозка» стала.

А камандзір наш – Валянціна Іванаўна.

Качан Вікторыя, 6 «А» класс
ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Вілейкі»,
член гуртка «Што? Дзе? Калі?»

24 мая 2016 г.

«Бярозка» – «Арнаменты»

«Бярозка» – «Арнаменты»

Месца: поплаў з дзьмухаўцамі.
Час: пакуль было сонца.
Нагода: пазнаёміцца, пагаманіць, пагуляць.
Першы чытач Кася Глухоўская, аўтар Аліна Длатоўская, галоўрэд Святлана ДзянісаваПершы чытач Кася Глухоўская, аўтар Аліна Длатоўская, галоўрэд Святлана Дзянісава
Бярозка як прыз за правільны адказБярозка як прыз за правільны адказ
Ілюстрацыя да аповесціІлюстрацыя да аповесці
Мастак Наталля ДлатоўскаяМастак Наталля Длатоўская

Вось такія простыя аспекты сталі асновай сустрэчы часопіса «Бярозка» з чытачамі на ХХ міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі». Але гэта не ўся праўда! Бо сабраліся, каб убачыць аўтара, ілюстратара, першага чытача-рэдактара аповесці, для якой «заснавалі» чытацкае выдавецтва; якую магчыма зрабіць кнігай самастойна (менавіта з гэтай прычына праз злучок яна «канструктар»); якая друкуецца ўжо амаль паўгады і мае сваіх прыхільнікаў. А завецца так – аповесць-кантруктар «Арнаменты».

Аўтар тэкста для «бярозкаўскага экперымента» – Аліна Длатоўская расказала, што казкі яна прыдумляла, калі была яшчэ зусім маленькая. Ёй іх распавядаў бацька, яны разам стваралі сюжэты. А калі навучылася пісаць, пачала працаваць самастойна – прыдумляць гісторыі пра кацянят і школу. І так здарылася, што «дарасла да вялікай літаратуры».

«Аповесць «Арнаменты» прысвечана казкам пра беларускую міфалогію, – падзялілася Аліна Длатоўская. – Калі я была маленькая, кожнае лета праводзіла на хутары, удалечыні ад горада. Там шмат лугоў, палёў, лясоў. І такія істоты, як лесавік, хатнік, вадзянік здаваліся мне абсалютна рэальнымі. Калі хадзілі з маці ў лес, заўсёды віталіся з лесуном, прасілі ў яго дазволу, каб набраць больш ягад і грыбоў. Таму ідэя напісаць нешта пра беларускую міфалогію ў мяне існавала даўно».

Першы персанаж, якія з’явіўся ў аўтара, Хут – гэта дзіўная істота, нечым падобная да дамавіка, але не такая простая. Ён нават шкоднік у нечым… «Персанажы ўзнікаюць самі, яны прыходзяць у галаву і ім пэўны час трэба пажыць з табой. Да іх, бывае, прыходзяць сябры. Так з’явіўся другі персаж аповесці – Юрась. Ён напалову чалавек, а напалову кот. Потым далучылася дзяўчынка, якая не верыць ні ў Хута, ні ў Юрася, – Аліса. І яе малодшая сястра, якая, наадварот, верыць у такіх незвычайных істотаў». А сабраць усіх персанажаў у адной прасторы дапамог Свет ваяроў, які Аліне Длатоўскай прысніўся. У сне яна ўбачыла і Міраславу, і Усевалада.

Засяродзіла ўвагу на персанажах і ілюстратар аповесці Наталля Длатоўская. Яна прынесла паказаць аўдыторыі свае напрацоўкі, распавяла пра розных міфалагічных істот, якія сустракаюцца ў тэксце, і асаблівасці супрацоўніцтва са сваёй дачкой – аўтарам аповесці. Як прызналася мастачка: «Выбрала самую простую тэхніку – як дзеці малююць: каляровы аловак і пяро».

Так атрымалася, што першы чытач, першы рэдактар і першы рэцензент мае адно імя —Кася Глухоўская, больш знаёмая чытачам як паэтка. Але з Алінай Длатоўскай яны знаёмыя яшчэ са школы і нават разам пачыналі размаўляць па-беларуску, кідалі гэтую справу і зноў спрабавалі. Як прызналася Кася: «Асабліва цікава мне было чытаць «Арнаменты» па трэцім, па чацвёртым коле» . Таксама першага чытача-рэдактара ўразіла колькасць праробленай аўтарам працы, шырокае раскрыццё беларускай міфалогіі і упляценне яе ў незвычайнае, прыдуманае Алінай асяроддзе.

Кася Глухоўская падрымала фэнтэзійную скіраванасць сустрэчы са школьнікамі гульнямі з вызначэннем пэўнай істоты з беларускай міфалогіі, а таксама пытаннямі кшталту: «Чым адрозніваецца беларускі Вадзянік ад астатніх?» або «Як выглядае Расамаха ў беларускай міфалогіі?» Ці больш жыццёвыя: «Каго называлі крапіўнікамі?» А праз гульню ў «Кракадзіла» можна было здагадацца, як выглядаюць Азярніца, Фея, Аднарог і іншыя.

Аўтар аповесці выказала парады для пачынаючых творцаў: «Калі вы пішаце, абавязкова давайце свабоду героям, не трэба іх абмяжоўваць, не трэба спрабаваць іх неяк скампанаваць – пішыце, як пішацца. Некаторы час я сумнявалася ў сваіх творчых магчымасцях, але ў кожнага чалавека ёсць што сказаць іншым».

Дарэчы, як запэўніла галоўны рэдактар часопіса «Бярозка» Святлана Дзянісава: «Вокладка аповесці-канструктара «Арнаменты» на апошняй старонцы будзе аздоблена выказваннямі тых, хто чытаў твор, і каму ёсць што сказаць пра яго». Дарэчы, ужо ў пятым нумары часопіса — водгук ад пісьменніка Валерыя Гапеева.

І было б няправільна забыцца пра чытачоў, слухачоў і сяброў «Бярозкі», якія прыйшлі на сустрэчу: вучні і настаўнікі СШ № 121 і гімназіі № 23 вельмі дапамаглі выступоўцам сваім добрым настроем.

Юля Ваўчок

18 мая 2016 г.

Прывитанне усим!

Прывітанне ўсім!

Шкляр Марыя
Шкляр Марыя з вучнямі і часопісам Бярозка

Мне вельмі падабаецца часопіс «Бярозка». Напэўна, і вам таксама! Таму я вырашыла паказаць яго ў сваёй школе. Вялікі дзякуй настаўніцы гісторыі і дырэктару школы адначасова Балбека Надзеі Аляксандраўне за палову ўрока, аддадзеную мне і «Бярозцы». Аднакласнікам адразу стала цікава: кожны ўзяў часопіс у рукі, усе пачалі глядзець яго. А я расказала пра тое, як пазнаёмілася з ім, як ён мне падабаецца, пра што ў ім пішуць… І гаварыла я праўду: гэта мой часопіс, які я шукала, якога мне не хапала. Дзякуючы яму я і мову разумець стала лепш, і размаўляць.

Дык і вы пазнаёмце сваю школу з такім сапраўдным часопісам-сябрам!

Дасылаю два фотаздымкі. На адным я з вучнямі, на другім — проста я.

Шкляр Марыя
6 клас, Бігосаўская СШ

Ад рэдакцыі.

Мы не замаўлялі гэты ліст. Проста атрымалі яго ў сваю паштовую скрыню. І цяпер толькі дапамагаем голасу маленькай школьніцы быць пачутым па ўсёй краіне. Голасу, аддадзенаму за «Бярозку»!

Падпісныя індэксы:

Ведамасныя:
74879 льготны ведамасны (для школ) – 40 000 рублёў за нумар, 120 000 рублёў на квартал, 240 000 рублёў на паўгоддзе.
748222 ведамасны – 45 000 рублёў за нумар, 135 000 рублёў на квартал, 270 000 рублёў на паўгоддзе.

Індывідуальныя:
74888 для членаў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі — 20 000 рублёў за нумар, 60 000 рублёў на квартал, 120 000 рублёў на паўгоддзе.
74822 індывідуальны – 25 000 рублёў за нумар, 75 000 рублёў на квартал,150 000 рублёў на паўгоддзе.

17 мая 2016 г.

У майским нумары «Бярозцы»

У майскім нумары «Бярозцы»

майскі нумар «Бярозцы»

***

Артур Голдэн пісаў: «У кожнага чалавека свой лёс. Але навошта хадзіць да прадказальніка, каб даведацца пра яго? Хіба я пайду да кухара, каб даведацца, галодны я ці не?» Вялікі пісьменнік мо і не пойдзе, а вось я са сваёй галоднай цікаўнасцю зазірнула ў кухню аднаго мінскага кафэ, каб пагутарыць з прафесіяналамі. Пра ўсе цікавосткі прафесіі кухара — для рубрыкі «Адзін дзень».

Героямі майго дня сталі Галіна і Кастусь. Хоць на іх ролю прэтэндаваў і мой бацька. Калі я запыталася ў таты, ці ёсць у яго знаёмыя кухары, адказ быў просты: «Ну, я кухар, а што такое?» А тое, што яго стравы не ідуць далей сямейнага стала. Яму давялося стаць героем майго жыцця, а не «Аднаго дня».

У рубрыцы «Адзін дзень» — чарговая прафарыентацыя, як сказалі б некаторыя.

***

Напэўна, няма чалавека ў нашым літаратурным асяродку, які б не ведаў пра Анхелу Эспіносу Руіз. Гэта беларускамоўная іспанка. Тры гады таму яна пачала вучыць беларускую мову, два гады таму яе вершы надрукаваў часопіс «Маладосць», брат «Бярозкі». Сёння Анхела мае паэтычны зборнік, прыхільнікаў і, зразумела, крытыкаў. І, дарэчы, пачала вучыць ірландскую мову. Пра Анхелу не хочацца казаць банальнае. Таму лепей пра сябе распавядзе яна сама. За кубкам зялёнай гарбаты са смачным печывам…

— Ёсць такі стэрэатып, што андалусы вельмі пацешныя, экспрэсіўныя. «О, ты з Андалусіі, ну давай, жартуй!» Я інтраверт. Бацькі вельмі актыўна займаліся маёй сацыялізацыяй, каб я не была замкнёнай у сабе, каб умела размаўляць з людзьмі. У нас у Іспаніі, калі ты, напрыклад, стаіш у чарзе па хлеб і не падтрымліваеш гутарку бабулек, якія тут жа, у чарзе, то ты ці некультурны, ці неадэкват. Як гэта, бабулькі стараюцца, а ты ў навушніках, і іх не слухаеш. З намі жыла бабуля, таму ў мяне была пастаянная практыка.

Напэўна, ёсць акрамя мяне такія, хто, стоячы ў чарзе ў краме, пра сябе прагаворваюць: «Адзін батончык хлеба, калі ласка, адзін батончык хлеба, калі ласка», — а потым не могуць гэта вымавіць. Вось я такая. І мяне адпраўлялі ў краму, прымушалі казаць, што трэба, пыталіся: «Скажы мне, як ты папросіш?» Мая мама педагог і псіхолаг, таму ведала, што рабіць. Казала мне: «Слухай, трэба быць ветлівай да ўсіх. Не трэба сябраваць з усімі, але варта камунікаваць, бо гэта спатрэбіцца ў жыцці». Камунікацыі можна навучыцца, калі займацца. І калі акалічнасці прымушаюць вучыцца. Інтраверт-славіст у Іспаніі не выжыве.

Анхела пра сябе — у «Гісторыі поспеху».

***

Калі пераглядаеш мультфільм «Вожык у тумане», ловіш сябе на думцы, што хочацца сабраць торбу і адправіцца да мядзведзя: піць гарбату з малінай і лічыць зоркі. Збегчы ад вялізнай колькасці спраў і рознагалоссяў. Ды акалічнасці вышэй за ўсё, і наўрад ці ў каго-небудзь знойдзецца знаёмы мядзведзь.

Але рашэнне ёсць. Калі вам надакучыў ваш свет, то уцякайце. Самае бюджэтнае падарожжа, як вядома, — у кнігу.
Напрыклад, у сонечную і таямнічую Барселону Карласа Руіса Сафона. Я, як і любая іншая Марына, набыла яго кнігу «Марына».

Іспанія. Вясна. Адзін з дзяжурных на Французскім вакзале пазнае ў натоўпе юнака, абвешчанага ў вышук. Цэлы тыдзень яго шукалі знаёмыя, сябры, выкладчыкі школы-інтэрната. Паліцыя збілася з ног. Дзе ён быў увесь гэты час? Як правёў гэтыя дні?

А пачаўся аповяд са слоў галоўнага героя, Оскара: "У кожнага з нас ёсць сакрэт, старанна зачынены на ўсе замкі ў самым цёмным куце на гарышчы пад дахам душы". Лезеш на сваю гару, і ў першыя хвіліны нічога не знаходзіш. Потым ён дадае: "Я адкрыю вам свой". У сэнсе сакрэт. Гэта прапанова і становіцца пачаткам вашай прыгоды з Марынай і Оскарам.

Рубрыка «Кнігаўка». Проста кнігі. Каб іх чытаць.

***

Як гэта важна – умець адмаўляцца ад таго, што табе зусім не патрэбна, і сказаць іншаму чалавеку «не». Напрыклад, сяброўка заве цябе на шпацыр, а у цябе свае планы на вечар. Ці знаёмы ўгаворвае пакурыць, а ты катэгарычна супраць. Ці суседка па парце мае звычку тузаць цябе у час кантрольнай, каб ты ёй дапамагла, — не дае сканцэнтравацца на заданні і атрымаць найлепшую адзнаку. Прыкладаў, калі ёсць нагода сказаць «не», мноства, але чаму нам так складана гэта зрабіць?

Адказы — у «Псі-факторыі».

***

Спакон веку нарачанскае возера было сродкам існавання для тысяч рыбакоў. Усё змянілася са з’яўленнем закона 1932 года аб нацыяналізацыі рэк і азёр, які забараняў рыбны промысел. Беларускі паэт Максім Танк так засведчыў гэтую падзею: «Зімой 1934 г., пехатою вяртаючыся дадому з віленскага астрогу, з «Лукішак» <…> на адной з рыбацкіх хат я пабачыў загад польскага ўрада, які забараняў рыбакам лавіць рыбу ў Нарачы і ва ўсіх іншых азёрах, права на якія перадавалася арандатарам. Вясной і летам 1935 г., калі ўрад пачаў рэалізаваць свае планы, — на Нарачы падняўся бунт рыбакоў, які галосным рэхам пракаціўся па ўсіх азёрах Віленшчыны, Палесся і нават польскага Памор’я». Праз некаторы час Максім Танк амаль дакументальна асвяціў усе падзеі бунту ў сваёй паэме «Нарач».

Зацікаўлены гэтай тэмай Віталь Цвірка прыехаў у Заходнюю Беларусь, на возера Нарач, каб на свае вочы ўбачыць месцы, некалі насычаныя духам вызваленчай барацьбы. Тут ён стварыў цэлую серыю эцюдаў, якія дзякуючы маляўнічаму гучанню сталі самастойнымі творамі.

У рубрыцы «Я ведаю мастацтва» праекта «Я — мастак» — разбор «Паўстання рыбакоў на возеры Нарач» Віталя Цвіркі.

***

Дарагі дружа!

Праміне колькі дзён — і ты ўжо не будзеш называцца школьнікам. Але часопіс для школьнікаў «Бярозка» будзе суправаджаць цябе і ў дарослым жыцці, як гэта было з многімі пакаленнямі адукаваных творчых грамадзян нашай краіны.

Віншум цябе з заканчэннем школы і жадаем самых светлых жыццёвых шляхоў.

«Бярозка» дорыць кожнаму выпускніку, які яе чытае, Трохкутнік Жаданняў. Запішы свае мары і планы на бліжэйшыя гады — усё, чаго хочацца дасягнуць уласнай працай і з Божай дапамогай. На запіс пакладзі галінку незабудкі, ландышу або чаромхі, фрагмент суквецця бэзу або цюльпанавы пялёстак, залатое сонейка дзьмухаўца або анемону-ветраніцу — сваю любімую кветачку.

Збяры таксама пажаданні ад аднакласнікаў і любімых настаўнікаў.

Складзі па лініях і напішы на тытуле, праз колькі гадоў ты хочаш адкрыць яго.

Будзь, калі ласка, праменьчыкам на шляху людзей! І няхай твае мары здзейсняцца!

16 мая 2016 г.

Стоп! Знята!

Стоп! Знята!

У суботу, 7 мая, у Дзень Друку, глядзі на «Беларусь 3» у 12-25 праграму з удзелам нашых рэдактараў, а пакуль чытай справаздачу пра тое, як яна здымалася.
Стоп! Знята!
Стоп! Знята!
Стоп! Знята!
Стоп! Знята!

Перадачу «Размаўляем па-беларуску» я заўсёды глядзела з таемнай думкай: «Вось бы туды патрапіць». Але на свядомае здзяйсненне самых добрых мар вечна нечага не хапае. Праўда, аднак, і тое, што думкі матэрыяльныя: адным працоўным ранкам патэлефанавала Алена Мальчэўская, галоўны рэдактар часопіса «Полымя», і сказала: «Едзем удзельнічаць».

Цягнік да Гомеля — менавіта ў гэтым горадзе здымаецца перадача — адпраўляецца ў 7.00. За 15 хвілін да гэтага абедзве каманды — 2/3 часткі каманды «Звяздоўцы» і цалкам пакуль безназоўная — сабраліся. Ранні пад’ём і амаль пяць гадзін у дарозе ні на кроплю не паменшылі жаданне ўбачыць цудоўны Гомель, знакамітых вавёрак у парку каля палаца Румянцавых-Паскевічаў, сам палац і, зразумела, паўдзельнічаць у здымках тэлеперадачы.

У парку, вядомым палацам і вавёркамі, нас чакала невялікае расчараванне. Помнік архітэктуры, зразумела, нікуды не дзеўся, а вось вавёрку мы сустрэлі толькі адну: яна крыху папазіравала нам з шышкай у лапках, відаць, звыклая да ўвагі фотакамер, а потым паскакала па верхавінах дрэва сваімі вавёрчынымі шляхамі. Вось хто сапраўды прагнуў нашай увагі, дык гэта галубы. Нахабныя і смелыя ад сваёй згуртаванасці, прывабленыя прапанаваным Аленай батонам, яны суправаджалі нас да самага канца парку. На жаль, як ні хацелася застацца тут, велічна шпацыраваць па палацы, уяўляючы сябе не менш як графіняй, не зважаючы на шамаценне цэлафанавых бахілаў, трэба было гэтае месца пакінуць. Ірына Асташкевіч, карэспандэнт «Звязды» па Гомельскай вобласці, наш гід і трэці ўдзельнік каманды «Звяздоўцы», сказала, што летам тут нашмат прыгажэй. Мы намёк зразумелі.

Усведамленне, навошта мы сюды прыехалі, з’явілася толькі ў грымёрцы. Падбадзёрвалі сябе кавай і гарбатай, па чарзе сядалі ў крэсла да майстра тэлепрыгажосці. Найбольш складана працэс грыміравання перажываў Ілья Крыжэвіч, карэспандэнт «Звязды», але і яму давялося пазнаёміцца з танальным крэмам, пудрай і лакам для валасоў. Тым часам рэдактар перадачы патлумачыла правілы гульні, асаблівасці працэсу здымак, папрасіла вызначыцца з назвамі. Жартам прапанаваны рэдактарам «Вожыка» Ганнай Кіслушчанка варыянт «Маладыя палымяныя вожыкі» (удзельнікі каманды прадстаўлялі часопісы «Маладосць», «Полымя» і «Вожык») так і застаўся адзіным. Праўда, назву давялося скараціць, таму ў гісторыі гульні мы засталіся пад імем «Палымяныя вожыкі» (тое, што маладыя, бачна і так).

Пакуль мы рыхтаваліся, у грымёрку зайшла вядучая Алена Трацэнка. Неверагодна прыгожая, стылёвая і добразычлівая — карацей, такая, як на экране. За прыемнымі размовамі час прайшоў незаўважна — трэба ісці ў студыю. Там з’явілася адчуванне, нібы знаходзішся ўнутры тэлевізара: добра знаёмыя дзякуючы тэлеэкрану дэкарацыі аказваюцца сапраўднымі, вялікімі, а ты ў іх — маленькі тэлегерой, нібы і несапраўдны нават, як лялька ў лялечным доміку. Нам яшчэ раз паўтарылі правілы працэсу здымак: не глядзець у камеры, не перабіваць вядучую і ўдзельнікаў, не спяшацца з адказамі і не хвалявацца. Скарыстацца апошняй парадай было вельмі складана: як толькі я заняла сваё месца за сталом, пачалі дрыжаць калені (да таго моманту я думала, што гэта — ўсяго толькі літаратурны прыём), рукі, голас. Але дзіўна, усе прыкметы хвалявання незаўважна зніклі падчас здымак. Яны, дарэчы, цягнуцца крыху больш, чым па выніку ідзе сама перадача — часам рэжысёр перапыняе здымкі, каб зняць некага буйным планам, перапісаць невыразна вымаўленую рэпліку, пра што абвяшчае гучным голасам нібыта аднекуль зверху, таму на роздум над пытаннем часу крыху больш, чым пяць секунд. За сумленнасцю гульні і правільнасцю адказаў сочыць Святаслаў Крупенька — строгі, але вельмі добразычлівы суддзя.

Кацярына Захарэвіч

4 мая 2016 г.

Нам абяцали каля паусотни

Нам абяцалі каля паўсотні

Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М.А. Астроўскага
Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М.А. Астроўскага
Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М.А. Астроўскага
Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М.А. Астроўскага
Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М.А. Астроўскага
Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М.А. Астроўскага

Амаль такая колькасць вучняў ад 10 да 15 год СШ № 67 завітала ў Цэнтральную дзіцячую бібліятэку імя М.А. Астроўскага на сустрэчу з супрацоўнікамі часопіса «Бярозка». Было прыемна бачыць падрыхтаваную да размову аўдыторыя з зацікаўленымі вачыма і добрым настроем. Безумоўна, адбыўся расповед пра гісторыю часопіса – крокі, якія рабіў «папяровы чалавек» з самага нараджэння; пра часы, калі быў дадаткам да «Маладосці», і яго адраджэнне – вяртанне да самастойнага існавання. Паразмаўлялі і пра дызайн часопіса – змены, якія адбываюцца і сёння. Школьнікі цікавіліся, як працуюць журналісты, колькі прыходзіць матрыялаў, як рэдактары выбіраюць, што паставіць у нумар. Канешне, на свае пытанні зацікаўленыя атрымалі адказы. Потым усе крыху пагулялі ў «Пытанні для знаходлівых» – самыя актыўныя зыходзілі з аўдыторыі з падарункамі ад рэдакцыі. А на развітанне кожны жадаў сваім кампаньёнам па сустрэчы «Усяго найлепшага!» І вам жадаем таксама!

2 мая 2016 г.

БЯРОЗКАвы лес

БЯРОЗКАвы лес

БЯРОЗКАвы лес
БЯРОЗКАвы лес

Пасля доўгага растання часопіс «Бярозка» зноў завітаў у госці да «Зубронка»! Гэтым разам нагода – экалагічная змена, на якую запрасілі «Бярозку» і «Родную прыроду». Нечакана жыхары «Зубронка» з сасновага леса трапілі ў БЯРОЗКАвы. Ці гэта не магія?! Вось і мы думаем, што магія. Таму, правёўшы невялікую экскурсію па старонках часопіса, мы запрасілі нашых слухачоў наведаць сапраўдны беларускі Хогвартс, які тут жа быў пераназваны Зуброгвартсам. Cхадзілі на ўрок зеллеварэння, на якім прапанавалі кожнаму скласці рэцэпт свайго магічнага зелля. Амаль усе вырашылі, што лекі павінны быць смачнымі, таму прыдумлялі рэцэпты ягадных кактэляў. Папрасілі таксама апісаць незвычайную жывёлку, якая існуе ў незвычайным свеце (яго мы таксама прапанавалі прыдумаць). Вынікі гэтых фантазій хутка можна будзе прачытаць у суполцы «Бярозкі» ў «Вконтакте». Ну а напрыканцы усіх наведвальнікаў БЯРОЗКАвага Зуброгвартса чакаў… іспыт. Кемлівыя, вясёлыя, разумныя «вучні» адказвалі на нашыя «пытанні для знаходлівых», а ў якасці адзнак атрымлівалі асобнікі «Бярозкі»!

29 красавіка 2016 г.

У красавицким нумары «Бярозцы»

У красавіцкім нумары «Бярозцы»

«Бярозка»

***

Не кожная мабільная прылада «размаўляе» па-беларуску. Разпрацоўшчыкі смартфонаў забываюцца пра існаванне беларускай мовы, а для некаторых карыстальнікаў адсутнасць падтрымкі «матчынай» – вялікая праблема. Як зрабіць сябрамі тэхналогіі і мову? Агляд самых цікавых і запатрабаваных беларускамоўных дастасаванняў дапаможа беларусізаваць твой смартфон.

Як зрабіць свой смартфон беларускім? Адказ у рубрыцы «Табе навука»

***

З творчасцю Якуба Коласа ў мяне стасункі асаблівыя. Гэта быў першы беларускі літаратар, якім я сур’ёзна зацікавіўся яшчэ ў раннім дзяцінстве, калі толькі навучыўся чытаць. Застаецца ён № 1 у спісе беларускіх класікаў і цяпер. Хутчэй за ўсё, будзе пад гэтым нумарам заўжды.

Знаёмства з класікам адбылося ў вельмі раннім узросце. Першы твор, які я прачытаў, – паэма «Новая зямля». Пазнаёміцца з ёй вырашыў не ад цікавасці да літаратуры, а таму што хацеў даведацца, як жылі «даўнейшыя» людзі ў нашым краі. Вёска Магільнае, куды я штогод прыязджаў на летнія вакацыі да бабулі, знаходзіцца зусім побач з Акінчыцамі, Мікалаеўшчынай, Новым Свержанем і Стоўбцамі. Чытанне «Новай зямлі» адкрыла для мяне цэлы свет старасвеччыны – здавалася, што цяпер я, гарадскі хлапец, атрымаў нейку сакральную веду пра жыццё мінулых пакаленняў.

Калі вучыўся ў школе, любіў чытаць-перачытваць «Казкі жыцця», якія ўпершыню пабачылі свет ў 1921 годзе ў Коўна, дзякучы руплівай працы Вацлава Ластоўскага. Знаходзячыся ў эміграцыі, Ластоўскі фактычна замяняў для беларускага эміграцыйнага асяродка шэраг дзяржаўных інстытуцый, якія займаліся ў БССР развіццём беларускай культуры.

Дабра памятаю, як пазнаёміўся з паэмай «Сымон-музыка» у старэйшых класах. У той час я не вельмі любіў літаратуру, тым больш беларускую. Але гэта паэма захапіла мяне адразу, найперш таму, што я адчуваў нейкую роднасць з галоўным героем, а яго праблемы былі актуальнымі і для мяне. Падлетку заўжды здаецца, што ён «не прыласканы нікім», жыве сам па сабе ў гэтым свеце. Па сутнасці, Сымон, як цяпер сказалі б на замежны лад, — self-made man, чалавек, які зрабіў сябе сам. Дамогся жаданага па жыцці, прыйшоў да поспеху, кажучы сучаснаю моваю. Для мяне гэты твор Якуба Коласа не проста ўзор прыгожага пісьменства, значны і дасканалы твор беларускай літаратуры. Гэта яшчэ і добры матывацыйны тэкст, які вучыць самаразвіццю і самаўдасканаленню. Ён паказвае, што кожны чалавек, нават самы просты, можа кінуць выклік лёсу і перамагчы. Узяць яму належнае.

Сымон-музыка як self-mademan у рубрыцы «Бел.літ.»

***

Ну хто з нас не сядзеў увечары, галаву схіліўшы, над дамашнім заданнем і не марыў, каб яно знікла? На жаль ці на шчасце, яно не знікала… Не так даўно Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя выказаў прапанову адмяніць «дамашку». Пра гэта і іншае я падслухала ў настаўніцкай Свіслацкай гімназіі, калі размову вялі Алена Пятроўна Супрун, настаўніца англійскай мовы, Таццяна Юр’еўна Каскевіч, настаўніца беларускай мовы, і Святлана Уладзіміраўна Філатава, настаўніца біялогіі.

А.П.: Я мяркую, што перш за ўсё трэба не дамашку адмяняць, а выпраўляць падручнікі. Каб падрыхтавацца да ўрока, трэба шукаць практыкаванні і інфармацыю ў інтэрнэце і кнігах замест таго каб знаходзіць усе патрэбныя заданні і правілы ў адным падручніку. Наогул, большую частку ведаў дзеці павінны атрымліваць на ўроку, каб дома толькі ўзнавіць іх у памяці.

С.У.: Без дамашняга задання нельга абысціся. Каб вучні хоць што-небудзь запомнілі, настаўніку трэба паўтарыць шмат разоў раз тое, што толькі што растлумачыў. І чым больш – тым лепш. І зразумела, калі вучань прачытае тую ж інфармацыю пасля дома, самастойна, – тады толькі веды ў яго застануцца. Мабыць, толькі ў профільных класах пасля дзявятага можна адмяніць дамашняе заданне па прадметах, якія ў профіль не ўваходзяць, — каб вучні маглі засяродзіцца на дысцыплінах, патрэбных для ЦТ.

Т.Ю.: Не кожны вучань мае здольнасць зразумець усё на ўроку. Таму, лічу, неабходна добра замацаваць атрыманыя ў школе веды дома. Адчуўшы, што атрымалі свабоду, вучні разлянуюцца канчаткова. І так амаль усе спісваюць. Я б з вялікім задавальненнем павыдаляла ўсе гэтыя іх рашальнікі, якія дазваляюць нічога не рабіць, а проста спісаць заданне ў інтэрнэце.

С.У.: Сённяшнія магчымасці вучняў ды ў маё б дзяцінства! Цяпер, калі чагосьці не ведаеш, проста зайдзі ў пошукавую сістэму — і адразу будзе адказ. У мае школьныя гады трэба было ісці ў бібліятэку і пералапаціць вялікі стос кніг, каб знайсці адказ на сваё пытанне.

А.П.: А мне не так важна, спісвае вучань ці не, розныя бываюць акалічнасці ў жыцці. Калі ён можа патлумачыць, чаму ў сказе адбываецца менавіта гэтая з’ява ці ўжываецца гэты час – вельмі добра, веды ў галаве ёсць. Але бяздумна спісваць – марнаваць час. Заўсёды ёсць настаўнік, які можа патлумачыць.

Настаўніцкая на праслушцы. «Запісваем дамашняе заданне…»

***

«Прыгожая прыйшла» — менавіта так перакладаецца імя адной з самых вядомых жанчын у гісторыі чалавецтва, старажытнаегіпецкай царыцы Ніферціці. Цяжка паверыць, але яе вобраз увайшоў у гісторыю культуры толькі ў 1912 годзе. У тым самым годзе, калі патануў «Тытанік» , у мястэчку Эль-Амарна археолагі адшукалі майстэрню старажытнаегіпецкага скульптара Тутмаса, дзе ўбачылі некалькі выяў Ніферціці ў розным узросце. Але самая вядомая – паліхромная галава Ніферціці ў блакітнай ціары, зробленая ў першай чвэрці 14 стагоддзя да н.э. Гэта вельмі адметны пераяд у развіцці старажытнаегіпецкага мастацтва, які называюць Амарнскім.

Да гэтага часу ўжо былі пабудаваны знакамітыя піраміды ў Гізе (2800 гг. да .э. ) — адзіны з сямі цудаў свету, які захаваўся да нашага часу, з’явіліся манументальныя скульптуры фараонаў і маленькія фігуркі ушэбці, якія клалі ў магільні, каб яны абслугоўвалі фараона пасля смерці. На сценах магільняў з’явіліся незвычайныя па прыгажосці роспісы, дзе практычна ўсе фігуры былі ўвасоблены паводле законаў старажытнаегіпецкага канона: галава і ногі ў профіль, плечы ў фас, тулава ў тры чвэрці. Але першы скульптар, імя якога мы ведаем дакладна, — гэта Тутмас, аўтар скульптурных партрэтаў Ніферціці.

Старажытныя егіпцяне верылі, што людзі — гэта слёзы сонца, і фіксавалі самыя важныя падзеі ў іерогліфах, якія таксама расшыфравалі адносна нядаўна. Менавіта дзякуючы гэтым запісам стала вядома, што Ніферціці прывёз у свой гарэм Аменхатэп ІІІ, які надта ж любіў хадзіць у ваенныя паходы. Калі ён загінуў, улада перайшла да ягонага сына Аменхатэпа ІV, які распусціў гарэм і пакінуў сабе за жонку толькі Ніферціці. Яна натхніла яго на глабальныя па тым часе рэформы. Ён абмежаваў уладу жрацоў і наблізіў сябе да Бога Сонца – Атона. Яго імя цяпер гучала як Эхнатон, Ніферціці – Неферт-Неферт-Атон. У горадзе Ахетатоне храм («дом Атона») быў звязаны з царскім палацам вісячым мастом… У гэты час з’яўляюцца шматлікія рэльефы і роспісы з выявамі Эхнатона і ягонай жонкі царыцы Ніферціці, а таксама яго шасці дочак.

Але праз нейкі час імя адной з прыгажэйшых і наймудрэйшых жанчын у гісторыі чалавецтва, пачынаюць у запісах заціраць…

«Я ведаю мастцтва» з праекта «Я — мастак». Асабліва вартае чытанне!

***

Пашка і Аня хаваліся ў кладоўцы.

Блізняшкі-першаклашкі Цімка і Дзімка звычайна гулялі ў ёй па абедзе, а сёння 1 красавіка, і Пашка падгаварыў Аню пажартаваць над малечай.

План быў просты: як толькі малыя аб’явяцца каля кладоўкі, з яе выскачыць парачка прывідаў у белых прасцінах.

Прасціны Пашка выцягнуў з карзіны для бруднай бялізны. Заставалася ў іх закруціцца і чакаць.

— Уяўляеш, як яны закрычаць!

— А раптам яны разравуцца?

— Яшчэ і як разравуцца! А мы пасмяёмся.

— Мне страшна, — сказала Аня.

Пашка яе не зразумеў. Твар дзяўчынкі сапраўды выдаваў страх.

— Чаго ты? Прыкольна ж!

— Я пра іншае. Гэтая лялька. Мне не падабалася, як яна пазірае, і я перавярнула яе. А цяпер яна зноў на спіне!

Пашка хмыкнуў. Побач з Аняй сапраўды ляжала лялька. Трошкі дзіўная: сама з тканіны, а ярка-блакітныя вочы — з нечага цвёрдага, пластыку або парцэляны. Лялька пазірала на хлопчыка.

— Што за лухта! — раззлаваўся Пашка. — Не магла нічога лепшага прыдумаць першага красавіка?

Ён кінуў ляльку ў скрыню з канструктарам. Тут у пакоі пачуліся крокі малых. Але блізняты не збіраліся заходзіць у кладоўку. Нечым пашамацелі і зніклі.

— Ну вось, — сказаў Пашка. — Цяпер чакай, калі вернуцца…

Нешта кранула яго за нагу. Пашка зірнуў: да яго дакраналася рука лялькі. Яе вочы пазіралі на хлопчыка.

Па спіне пабеглі мурашкі! Хлопчык адпіхнуў ляльку нагой і злосна зірнуў на сястру.

— Ну, ведаеш!..

Аня сядзела, сціснуўшыся ў спалоханы камячок, ля самай сценкі і бязгучна плакала.

— Паша, гэта не я. ЯНА САМА! Хадзем адсюль!

Хлопчыку зрабілася не па сабе, але ён толькі паціснуў плячыма: хадзем, маўляў, калі такая баязліўка. Пішнуў дзверы… І тут яго абдало халодным потам.

— Анька! Блізняты кладоўку замкнулі.

І ў тое ж імгненне лямпачка пад столлю мірганула і патухла.

— А-а-а-а-а! закрычалі перапалоханыя дзеці.

Прывід Аркаша з 13-й старонкі — аўтар самых страшных гісторый. Дачытай да канца ў «Бярозцы»!

***

Жыў ды быў у цёмным лесе, на гушчаравым Палессi, дзе Кiкiмар у бары заядаюць камары, дзе ў лагчынах Лесавiк кормiць кашай чаравiк, Змей-Гарыныч трохгаловы, з вокам выпуклым, лiловым, з лускай чорнай, нiбы смоль, надакучлiвы, як моль.

Кожны дзень на самым золку ён любiў гасiць вясёлку, сонца хмарай закрываць, з крумкачамi ваяваць, нападаць на гарады, есцi з дубу жалуды, люд палохаць у дарозе, дзерцi лiсце на бярозе, i з Ягiней па чарзе лётаў ён на качарзе.

Ад яго стагналi горка нават Месяц, нават зоркi, нават гразкае балота бедавала, як галота. Натапыраны пугач у дупле дрыжаў, хоць плач, і халодная вужака пад кусты ўцякала з жахам. А гняздзiўся Змей-Гарыныч недзе на рацэ Гарынi.

Ён аднойчы на ўзыходзе, абудзiўшыся ў лагодзе, паглядзеў на цiхi лес, на пагорак стромкi ўлез, счуў, як б’е асiну дзяцел, як бабры ў падводнай хаце дрэва смачнае грызуць, як чмялi ў палях гудуць, ды падумаў: «I чагосьцi я раблю такiя злосцi? Вунь, якiя ў свеце цуды! Мабыць, мне спынiць пракуды? А што, як у гэтым леце грымне гром, завые вецер, здрыганецца ўся зямля, прыйдзе Мурамец Iлля цi Мiкiта Кажамяка і мне голавы ўсяляка паскідае булавой?! Гэта дрэнна, вой-вой-вой!»

Змей-Гарыныч тым жа ранкам прымасцiўся каля ганка, лiст вялiзны лапуховы палажыў на стол дубовы, у чарнiла з зелянушкi абмакнуў пяро Жар-птушкi, напiсаў сваёй радне: «Прылятайце да мяне!»

Ці чыталі вы калі паэзію прозай або наадварот. «Бярозка» прапануе такі эксперымент!

26 красавіка 2016 г.

На Зэльвенских сакавинах

На «Зэльвенскіх сакавінах»

19 красавіка ў г.п. Зэльва Гродзенскай вобласці адбылося чарговае літаратурна-мастацкае свята пад красамоўнай назвай «Зэльвенскія сакавіны». Гэтае свята ладзіцца ў Зэльве ўжо ў 19-ы раз і ў гэтым годзе праходзіла ў рамках рэспубліканскай акцыі «Сямейныя чытанні».

На гэтае святочнае мерапрыемства, разам з вядомымі беларускімі пісьменнікамі Уладзімірам Мазго і Міколам Чарняўскім, быў запрошаны і намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» Генадзь Аўласенка.

Свята «Зэльвенскія сакавіны», як і заўсёды, прымаў раённы Палац культуры, на сустрэчы прысутнічалі бібліятэкары раёна, настаўнікі і вучні мясцовых школ, жыхары Зэльвы.

Генадзь Аўласенка, апрач знаёмства гледачоў са сваімі вершаванымі творамі, расказаў ім аб часопісе «Бярозка» і запрасіў усіх прысутнах да творчага сяброўства з гэтым беларускамоўным часопісам для падлеткаў. Прычым, не толькі ў якасці простых чытачоў часопіса «Бярозка», але і яго патэнцыяльных будучых аўтараў.

20 красавіка 2016 г.

Пра мары

Пра мары

Для мары не існуе сцен і межаў, ёй не патрэбны карты і компасы. У сямнаццаць год марыцца па-асабліваму, на ўсю моц дыхаецца, сонейка свеціць аднаму табе. І ты столькі ўсяго жадаеш: прыгнуць з парашутам, аб’ездіць увесь Зямны шар, напісаць геніяльны раман, вынайсці лекі ад страшнай хваробы, перакласці ўсе творы свету на беларускую мову… Убачыць, адчуць, знайсці! Хутчэй, хутчэй! Але неяк зусім нечакана прыйдзе думка, што, мабыць, не будзе ўсё так ідэальна ў сапраўдным жыцці.

Мы верым у казку, але, калі па праўдзе, гэта толькі сродак збегчы ад рэальнасці, дзе крычыць п’яны бацька, развальваецца сям’я, памёр блізкі чалавек ці проста цябе ніхто не разумее. Мы такія светлыя, як здаецца, не пакрыўджаныя жыццём, але на самой справе ўжо даўно пасталелі ад таго, што пануе сярод людзей, у сем’ях і ў свеце. І мы бяжым, бяжым ад ўсяго, бяжым хто як можа, бяжым ў будучыню, якая здаецца нам збаўленнем ад усіх нашых праблем. І тады толькі ад чалавека залежыць, які шлях ён абярэ: ісці супраць плыні і перамагчы ці дазволіць сабе быць пераможаным і на ўсё жыццё стаць ахвярай самога сябе.

У юнацтве ты яшчэ сам не ведаш, на што ты здольны. І, мабыць, смеласць і ўпэўненасць — самае галоўнае, што патрэбна ў гэты час. Але іх так часта не хапае. Кожны пройгрыш здаецца самым вялікім. Мы яшчэ не ведаем, што іх будзе шмат. Дарэчы, усяго ў нашым жыцці яшчэ будзе шмат. Самае галоўнае ‒ не думаць, што наперадзе шмат часу, бо ён бяжыць так хутка.

У сямнаццаць гадоў нічога не выглядае ў цёмных колерах, ні ў якім разе! Мы як дзеці радуемся першаму снегу зімой і птушкам вясной, мы смяёмся так, што, здаецца, зараз лопнем. Мы па-ранейшаму любім, калі нас абдымае мама, хваліць настаўнік, калі з сябрам бяжыш навыперадкі ў сталоўку. Свет здаецца такім вялікім, такім прыгожым! Першае спатканне, выпускны, танцы пад начным небам з сябрамі ‒ усё хочацца запомніць, каб у старасці паглядзець на нашы маладыя твары і вочы, поўныя надзей, і быццам зазірнуць у сэрцы, поўныя любові да ўсяго навокал: і да вусеня, што паўзе побач, і да зорак, якія далёка, і да кожнага чалавека на Зямлі.

Цяпер нават думка, што мы калісьці будзем дарослымі і сур’ёзнымі, здаецца неверагоднай. Вунь той хлопец з чубам збягае з урока, каб пагуляць у камп’ютарную гульню, а праз дзесяць гадоў ён будзе спяшацца з працы, каб забраць сына з дзіцячага садка. А дзяўчынка з хлопчыкам з твайго класа, якія адзін аднаго не выносілі, возьмуць шлюб. А вунь тая дзяўчына, якая ніколі не была выдатніцай, стане кандыдатам навук. Для кожнага з нас у Бога ёсць план.

У час, калі ўсё пачынаецца, слухай сваё сэрца і змагайся за сваю мару. Я пішу гэта, ведаючы, што для многіх гэта проста словы, падобныя да многіх «псіхалагічных і жыццясцвярджальных» артыкулаў, якія так раздражняюць тынэйджараў. Але нехта пазнае сябе ў гэтых думках і пачуццях звычайнай сямнаццацігадовай дзяўчынкі.

Ганна Варонка

19 красавіка 2016 г.

Чарговая сустрэча з вучнями

Чарговая сустрэча з вучнямі

18 красавіка адбылася чарговая сустрэча з вучнямі намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка», дзіцячага пісьменніка Генадзя Аўласенка. На гэты раз сустрэча адбылася ў філіале мінскай дзіцячай бібліятэкі № 3, а ўдзельнікамі сустрэчы былі вучні 4 «А» класа мінскай сярэдняй школы № 169.

Сустрэча прайшла цікава і змястоўна. Генадзь Аўласенка расказаў вучням аб часопісе «Бярозка», найбольш цікавых рубрыках часопіса, запрасіў вучняў да супрацоўніцтва: і як чытачоў, і як магчымых аўтараў «Бярозкі».

Потым Генадзь Аўласенка пазнаёміў прысутных з уласнай творчасцю, пры гэтым, шмат дзіцячых твораў пісьменніка прачыталі самі вучні.

Напрыканцы сустрэчы было шмат пытанняўда Генадзя Аўласенкі з боку прысутных, і пытанні гэтыя тычыліся, як часопіса «Бярозка», так і самой творчасці пісьменніка.

18 красавіка 2016 г.