Да 175-годдзя Элизы Ажэшка

Да 175-годдзя Элізы Ажэшка

Эліза Ажэшка ў пераклады

Наступныя два матэрыялы можна падаваць пад якім заўгодна публіцыстычным соусам брэнда «Маладосць»: і як «Літаратурнае падарожжа», і з ярлычком «Гісторыя і постаці», і ў якасці нататак «З вандроўкі», і пад шыльдачкай «Інтэрв’ю». Яны перамяшчаюць чытача і ў прасторы, і ў часе, і па радочках мастацкіх твораў, і па таемных куточках душы, і за межы магчымага. Але гэтыя дзве размовы, якія адбыліся ў Гродне, пададзены пад шыльдай «З нагоды». Бо ёсць для іх сапраўдна вартая, цудоўная нагода — юбілей гарадзенкі Элізы Ажэшка.

З дырэктарам навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мікалаем Грынько і выкладчыкам кафедры польскай філалогіі названага ўніверсітэта, доктарам філалагічных навук, прафесарам Святланай Мусіенка гутарыць галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Дзянісава.

Святлана Мусіенка:
«Мала такіх пісьменнікаў»

— Якой вы хочаце, каб атрымалася размова?
— Мяне цікавіць, ці магчыма ўбачыць Элізу Ажэшка праз паўтара стагоддзя такой, якой яна была... «У паліто і капялюшыку», так бы мовіць. Я хачу ўбачыць яе жывой...
— Тады вы ўбачыце яе жывой, літаральна зараз.

Успамін пра ўспаміны

Святлана Мусіенка

— Гэта было ў 1892 годзе. Відавочна, 5-га або 6-га чэрвеня. Эліза Ажэшка адзначала двайны юбілей — 50 гадоў з дня нараджэння і 25 гадоў літаратурнай творчасці. Сапраўдны год яе нараджэння — 1841-ы. Ну, але кожная кабета мае сваю слабасць, і Эліза Ажэшка лічыла годам свайго нараджэння 1842-гі. Цікавая тут назіраецца рэч. Зофья Налкоўская, яшчэ адна выдатная пісьменніца, у пэўным сэнсе паслядоўніца Элізы Ажэшка — хаця б таму, што палюбіла Гродна ўсім сэрцам і прысвяціла гэтаму гораду лепшыя старонкі сваёй творчасці, — нарадзілася ў 1884-м, а лічыла годам нараджэння 1885-ы. Зноў жа, ці слабасць кабеты, ці слабасць пісьменніцы — як паглядзець. Але я не выпадкова хачу пачаць размову з успамінаў пра той урачысты прыём. Значыцца, 1892 год, пачатак чэрвеня. Дом Станіслава Нагорскага, у якім жыла тады пісьменніца, стаяў трошкі бліжэй да бруку, чым цяпер. Вуліца вяла ад вакзала да цэнтра горада, называлася спачатку пяшчотна па-польску: Roskosz – «задавальненне», «прыемнасць», пасля (і, як мне здаецца, падчас святкавання юбілею Ажэшкі) — Мураўёўская. Мураўёў быў генерал-губернатарам Гродна, які любіў гаварыць, што ён не той Мураўёў, якога павесілі, а той, які вешаў сам. Таму што гэта ён падавіў у 1863 годзе паўстанне, ад якога якраз і пачалася дарослая, я б сказала, трагічная біяграфія Элізы Ажэшка.

Вы зараз убачыце пісьменніцу такой, якой яе ўбачылі прадстаўнікі польскай дэмакратычнай моладзі, што прысутнічалі на гэтым przyjeciu, на гэтым балі. Сярод іх была вось гэтая прыгожая (Святлана Мусіенка паказвае на партэрэт, што вісіць на сцяне ў музеі Зоф’і Налкоўскай, дзе адбываецца размова) чарнявая жанчына, якую звалі Стэфанія Сэмпалоўская. Выдатная дэмакратка, прадстаўніца камуністычнага руху, значная фігура ў палітыцы і ідэалогіі левай Польшчы мяжы ХІХ — ХХ стагоддзя. Яе даволі падрабязныя ўспаміны пра Элізу Ажэшка былі надрукаваны ў зборы твораў, але вельмі рэдка ўжываюцца. Я нават не ведаю чаму. Мо таму, што змяніліся часы, і пра дзеячаў дэмакратычнага накірунку цяпер менш гаворыцца. Да таго ж, яны толькі аднойчы выдаваліся. Прычым, яна дыктавала гэтыя ўспаміны сваёй сакратарцы, калі ўжо памірала… Дык вось пра тое, як яна ўбачыла Элізу Ажэшка. Усім тут кіраваў другі муж Элізы, гродзенскі адвакат, вельмі вядомая ў горадзе асоба. Ён вёў і судовыя справы самой Элізы. Звалі яго Станіслаў Нагорскі. І калі пра першага мужа Эліза сказала, што яна яго не кахала, то другі яе муж быў, мне здаецца, вельмі каханы. Гэта быў свядомы саюз ужо немаладых людзей. Толькі ён быў кароткі, гэты саюз: Станіслаў Нагорскі хутка памёр.

Урачысты прыём адбываўся ўнутры дома — там, дзе была іх парадная зала. Эліза Ажэшка прымала зычэнні. А на падворку, на беразе Гараднічанкі, якая цячэ і цяпер, стаялі сталы з пачастункамі, і ўсе месцы за імі былі распісаны po nazwiskach і па рангу знатнасці запрошаных асоб. Людзей было вельмі многа. Сабраліся пісьменнікі з розных краін, далёкія і блізкія сябры. І была дэлегацыя моладзі з Вільні. І ў гэтай дэлегацыі — яна, будучая вядомая дэмакратка Стэфанія Сэмпалоўская, зусім яшчэ маладая. У першую чаргу ёй было цікава, як Эліза Ажэшка wyglada. Па ўспамінах Стэфаніі, Эліза была невысокага росту, але з вельмі высокай прычоскай, у якую быў уплецены букет кветак ліловага колеру. І такога ж колеру, з таго ж матэрыялу была на ёй сукенка. Відавочна, ёй падабаўся гэты колер, і яна выглядала вельмі прыгожа. Заўважалася парода гэтай жанчыны. Яна ж не была прыгажуняй, як мы бачым на фотаздымках. Але відаць яе арыстакратычны лоск. І вось на гэтым прыёме з аднаго боку — Стэфанія Сэмпалоўская, а з другога —шматлікая дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў. Якім чалавекам была сама Стэфанія Сэмпалоўская? Вельмі прыгожая жанчына, яна ўсё сваё жыццё насіла жалобную сукню, бо яе нарачоны з прычын палітычных скончыў жыццё самагубствам. Тады, у 1892 годзе, яна папрыкнула Ажэшку ў тым, што тая надае шмат увагі шаноўным гасцям і мала заўважае моладзь. І юбілярка пасля свята спецыяльна прыехала ў Вільню, каб сустрэцца там з дэмакратычнай моладдзю, якой не магла на юбілеі даць больш увагі. Вось такой была першая сустрэча пачынаючай палітычнай дзяячкі і выдатнай пісьменніцы.

Стэфанія ўспамінае яшчэ адну вельмі цікавую рэч. Усе, як адзін, госці былі апрануты, зразумела, святочна: мужчыны — ў фракі, кабеты — ў балёвыя сукенкі. І раптам яна ўбачыла чалавека, абутага ў сялянскія боты і апранутага ў простую світку. І вельмі было дзіўна бачыць, як гэты чалавек стаў, як рыцар, на адно калена, пацалаваў Элізе руку, разгарнуў скрутак і пачаў на беларускай мове чытаць: «Яснавяльможнай пані Арэшчысе». Ён падарыў ёй свой верш. Гэта быў, як ведаем, Францішак Багушэвіч, вельмі блізкі сябра Элізы Ажэшка. Апрача таго, Стэфанія ўспамінала, як яна з Багушэвічам сталі дзесьці ў куточку параднай залы, і ён расказаў пра лёс беларусаў і беларускую літаратуру, пра адносіны Ажэшка да беларусаў. Сэмпалоўская пазней гаварыла, што гэта было яе першае спатканне з беларускай культурай. Мне б хацелася яшчэ раз звярнуць увагу на гэтую пару, якая стаяла ў куточку. Ён у сваёй творчасці з незвычайнай чуласцю паказаў не толькі выдатную пісьменніцу, але і добрага да простага люду, да беларусаў чалавека. А яна, маладая прыгажуня, будзе змагацца за лепшую болю людзей, будзе звяртацца да Пілсудскага з патраьбаваннем захоўваць правы палітычных вязняў гродзенскай турмы. А тады, у дзень юбілею Ажэшка, яны гаварылі пра тое, як цяжка развівацца літаратуры, бо забаронена была не толькі польская, але і беларуская мова, і што ён — беларускі шляхціч, і што вельмі ганарыцца сваім знаёмствам з Элізай Ажэшка і тым, што яна матэрыяльна і маральна падтрымлівае беларускую культуру. Успаміны Стэфаніі Сэмпалоўскай цяпер, на пачатку ХХІ стагоддзя, цяжка пераацаніць, бо яны сведчаць аб тым, як жыла гродзенская інтэлігенцыя, якую цану плаціла яна за сваю смеласць, прынцыповасць і абарону людзей.

Мне б хацелася яшчэ адну рэч тут успомніць. З таго ж прыёму. На ім прысутнічала і дэлегацыя яўрэяў. Таксама шматлікая. Яны прынеслі ў падарунак пані Элізе яе твор — кніжку «Меір Эзафовіч». Гэты раман, мне здаецца, быў вялікім здарэннем у літаратуры. Чаму? Таму што большасць твораў пра яўрэяў звязвалася з пагромамі, пераследам і прыцясненнем іх, а Эліза Ажэшка падышла да праблемы яўрэйства з зусім іншага боку. Да таго ж, яна паказала выдатнае веданне і «Торы», і біблейскіх сюжэтаў, і асаблівасцей жыцця яўрэяў вось тут, на нашых, наднёманскіх землях. Кніга, якую падарыла ёй яўрэйская дэлегацыя, была выдадзена спецыяльна да ўрачыстасцяў, і супервокладка яе была са срэбра. Кажуць, што выданне засталося, а супервокладка знікла бясследна.

З Эрнестам Хемінгуэем і Генрыхам Манам

— Можна сказаць, што Эліза Ажэшка як пісьменніца належыць многім народам. Рускія лічаць яе сваёй, бо яна дазваляла пераклады на рускую мову сябрам у Санкт-Пецярбурзе. Салтыкоў-Шчадрын, вельмі скупы на пахвалу, сказаў, што Элізе Ажэшка належыць адно са значных месцаў у сусветнай літаратуры. Выразным прыкладам яго адносін да творчасці Ажэшка быў яго водгук на апавяданне пісьменніцы, змешчанае ў «Айчынных запісках»: «Кожнае слова гэтага апавядання дыхае праўдаю. Спадзяюся, што гэтае чытьанне абудзіць добрыя, здаровыя разважанні і прымусіць задумацца аб лепшым, чалавечным значэнні гэтага слова». Гэта вельмі важныя словы. Украінскі паэт, сучаснік Элізы Ажэшка, трохі за яе малодшы, Іван Франко напісаў ёй у лісце на ўкраінскай мове, што яна для яго «зорка першай велічыні». Ну, і Францішак Багушэвіч: «А ты, пані, смела заглянула ў хату, усё зразумела і нашаму брату працягнула руку…» Вось што асабліва важна: працягнула руку. І не выпадкова ў гэты самы час творыцца беларускі нацыянальны тэатр, і Эліза Ажэшка з Ігнатам Буйніцкім робяць адаптацыю апавядання «У зімовы вечар» пад тэатральную пастаноўку. Гэта адзін з першых яе твораў. Далей былі розныя, але гэты, першы, вельмі важны для дзвюх культур — польскай і беларускай.

Мне здаецца, што мала такіх пісьменнікаў, якіх іншыя народы лічаць сваімі. Я налічыла на Зямлі толькі трох: Генрыха Мана, якому французы далі права грамадзянства і лічылі сваім пісьменнікам за дылогію аб каралі Генрыху VIII, і Эрнеста Хемінгуэя, якога сваім лічаць кубінцы — за твор «Стары і мора», і да гэтай пары ў той кавярні, дзе ён любіў сядзець і пісаць, вісіць яго партрэт. З Элізай Ажэшка адбываецца тое самае: на гродзенскай зямлі створаны своеасаблівы культ пісьменніцы, і няма значэння, паляк ты ці беларус, яна для кожнага — «наша пісьменніца», пісьменніца наднёманскага краю. А нацыянальнасцей тут было шмат…

Хацела жыць як асветніца

— Мне здаецца, як пісьменніца яна была шчаслівая. Бо ведала, што яе любяць і прымаюць. Вось тут ёсць фотаздымак з пахавальнай працэсіі (Святлана Мусіенка паварочваецца да музейнага стэнда, прысвечанага памяці пра Элізу Ажэшка) і побач — здымак, зроблены ў дзень адкрыцця помніка. 1910-ы і 1929-ы: і тут, і тут — поўна народу. Чытаючы ўспаміны пра пахаванне і гледзячы на фотаздымак, я заўсёды ўяўляю, што гэта сышлі са старонак твораў усе яе героі, жыхары Наднёмання, каб у апошнюю дарогу праводзіць сваю пісьменніцу. Няшмат такіх пісьменнікаў на Зямлі, каго б вось так любілі людзі. Вуліца, на якой яна жыла, і цяпер брукаваная. А тады і дом стаяў да яе бліжэй. У Элізы Ажэшка часта і вельмі моцна балелі галава і сэрца, ёй цяжка было слухаць, як ідуць па бруку коні і грукочуць колы. Дык ад скрыжавання да канца вуліцы простыя людзі выслалі дарогу саломай. Гэта агульнавядомы факт. Але не агульнавядомы факт, што яна любіла сядзець ля акна і глядзець на гэтую вуліцу.

А як чалавек яна не была шчаслівая. Яна вельмі любіла свайго бацьку. Ёй здавалася, што яна яго памятае, хоць ёй было толькі два гады, калі ён памёр. Проста аўра гэтага бацькі засталася з дачкою на ўсё яе далейшае жыццё. Ён быў вальтэр’янец, значыцца — дэмакрат. Свядома прымаў прынцыпы Вялікай французскай рэвалюцыі, хаця сам быў дваранінам. Ён не быў нашым земляком, Мількаўшчыну ён купіў. І не проста пабудаваў тут дом, але стварыў сямейнае гняздо, вельмі такое… цікавае. Дом напаўнялі добрыя карціны і добрыя кнігі, у прыватнасці, французскія, дэмакратычнага накірунку. Вось так стваралася тая аура. І бабуля шмат апавядала маленькай Элізе пра яе бацьку, свайго зяця, якога вельмі любіла, бо хто ж яго не любіў бы? А жонка, мне здаецца, была для яго занадта маладой, і не паспела зразумець, хто з ёю побач. Мо таму і склалася жыццё гэтай сям’і пасля смерці бацькі Элізы так няўдала: разышліся між сабою гэтыя людзі. Элізу паслалі ў Варшаву — і на працягу пяці гадоў навучання ў пансіёне ніхто з сям’і да яе не прыязджаў. Як пачувала сябе дзяўчынка, лепшая вучаніца? Яна тады пачала пісаць вершы. Мы б іх і не ведалі, калі б не польскі культурны дзеяч, вельмі вядомы ажэшказнаўца Эдмунд Янкоўскі, з якім я, на жаль, толькі па тэлефоне гаварыла, калі ён ужо хварэў, незадоўга да смерці. Вершы тыя нідзе, вядома ж, не друкаваліся, а былі запісаны ў альбоме сяброўкі. І сяброўка даслала іх Янкоўскаму, калі той працаваў над кнігай. І што яшчэ цікава. Эліза рэгулярна дзённіка не вяла. Але нейкія запіскі, інтэрв’ю, успаміны — гэта ўсё існавала, у раскіданым выглядзе, і ён гэта па кропельках збіраў. І ўвёў у сваю кніжку. Тоўстых кніжак пра Элізу Ажэшка шмат, але з такой канцэнтрацыяй матэрыялу, мне здаецца, толькі дзве — у Эдмунда Янкоўскага і Юзафа Бахужа, прафесара Гданьскага ўніверсітэта, майго сябра, які яшчэ, дзякуй Богу, жывы і здаровы. Юзаф Бахуж знайшоў нават рукапіс рамана «Над Нёманам», які лічыўся страчаным. І да акадэмічнага выдання гэтага рамана напісаў больш чым на сто старонак уступны артыкул, які вельмі дарагога каштуе, таму што ў ім сабраны ўсе магчымыя даследаванні ваакол асобы Элізы Ажэшкі і прадстаўлены вельмі цікавы погляд на яе творчасць.

Дык вось, пяць гадоў самотнае дзяўчо ў варшаўскім пансіёне пісала вершы. І не вельмі любіла расказваць пра свае турботы і смутак. Але калі мама даведалася, што яе дачка — лепшая вучаніца, то, канечне, сама прыехала яе забраць. Цікавая была жанчына пані Францішка. Яна зноў выйшла за муж, нарадзіла ад другога мужа сына… Яна заўсёды была свабодалюбівай і, мне здаецца, трошкі свавольнай і капрызнай — як прыгожая жанчына. Эліза была для яе вельмі дарослай дачкой. І вось яна прыехала ў Варшаву забраць гэтую дачку з пансіёна. На поясе ў яе замест спражкі — маленькі штычок. І яшчэ, як сведчаць успаміны, яна любіла задзірацца з рускімі паліцэйскімі. Ну, як прыгожай жанчыне, ёй гэта ўсё выбачалася. Вярнуліся ў Гродна — і паўстала перад пані Францішкай дылема. Яна сама — маладая яшчэ жанчына, і хоча такой здавацца. Але Эліза — дарослая, паненка. У сям’і мама вельмі любіла камандаваць. Эліза, відавочна, таксама мела характар. І вось прыязджае да іх з візітам элегантны шляхціч, які хоча паправіць свае справы коштам добрага пасагу. Канечне, Эліза яму пасуе. Ёй 17, яму амаль 35. Ніхто супраць шлюбу не быў. Ва ўсім доме не знайшлося чалавека, які б на самай справе адчуваў тое, што хацелася пра ўсё гэта сказаць. Эліза марыла выйсці з-пад улады маці, пані Францішка — пазбавіцца дачкі, прычым, шляхетнай дарогай, Пётр Ажэшка — паправіць, як ужо сказалі, свае справы. Эліза Ажэшка пісала пра яго, што ён брыдкі не быў. Яснавалосы, кучаравы, элегантны, добра танчыў. «І нарэшце я буду мець свой дом!» Пасля вяселля з белымі коньмі, шыкоўнага, прыгожага, яна апынаецца ў Людвінове. Цяпер гэта вёска ў Брэсцкай вобласці. Маёнтак нібыта нармальны, але трохі доўгу было. Што тут Эліза? Яна ладзіць школку і выконвае тыя заданні, якія сама сабе вымысліла ад таго, што ўвесь час помніла бацьку. Хацела жыць як асветніца. А Пётр ёй усё гэта дазваляў. Ці мо не так дазваляў, як проста не звяртаў асаблівай увагі. Лічыў, што гэта фанабэрыі маладой жанчыны, пройдзе. Ездзіў на паляванні, любіў выпіць, слова вострае і сальнае кінуць. Тыповы шляхціч. Праўда, правінцыял. І калі б не 1863 год…

Калі б не 1863 год

— Яна дазваляе арганізаваць у доме склад зброі, перахоўвае раненых, а ён усё ведае і не супраціўляецца. Гэтага ніхто нідзе не пісаў, але мне здаецца, што яна пакахала Рамуальда Траугута, якога хавала параненым і вывозіла пераапранутым у жаночую вопратку. У сваіх запісках яна адзначала, што Траугут быў вельмі прыгожым, увогуле, пісала пра яго цёпла і з захапленнем. І рызыкавала сваім жыццём, каб яго выратаваць! А калі даведалася пра яго пакаранне, то перажыла гэта страшна.

Мне здаецца, яна не была б аж такой пісьменніцай, калі б не перажыла ўласным досведам тое паўстанне. Эліза Ажэшка стала першай, хто напісаў пра паўстанне, хаця спачатку алегарычна, не наўпрост. Таму што няможна было пісаць наўпрост, ды яна не магла не пісаць, бо перажыла яго. І страту Траугута, і канфіскацыю маёнтка, і пазбаўленне мужа ўсялякіх правоў. Пра гэта таксама не пішацца і не гаворыцца прама, але Пётр Ажэшка быў сасланы ў Сібір не за свой, а за яе ўдзел у паўстанні. І гэта высвятляе яго фігуру ўжо з іншага боку. Там мы казалі, што ён хацеў паправіць сваё матэрыяльнае становішча, што ўзяў Элізу за жонку з меркантыльнай мэтай, а тут ужо сама Эліза — іншы чалавек: мужа пасылаюць у Сібір, а яна дабіваецца з ім разводу. Гэта нам сёння развод — нічога такога. А ў 1860-я яшчэ жывая была памяць аб кабетах-дзекабрыстках, якія ехалі ў Сібір дабравольна, за мужамі і проста каханымі. Яна напіша ў запісках і ў інтэрв’ю не раз скажа: я таму, маўляў, не паехала з ім у Сібір, таму зычыла сабе разводу, што не кахала. Ці аж так не кахала?.. Ну, але гэтая неахвярнасць абярнулася для яе цяжкім перажываннем на ўсё жыццё: і за тое, што ў Сібір не паехала, і за тое, што пасля амністыі не прыняла, і Пётр Ажэшка быў вымушаны жыць у далёкіх родзічаў і неўзабаве памёр... Так, не любіла, але што з таго? Абавязкі жонкі яна павінна была выканаць. А нешляхетныя намеры Пятра перад пачаткам іх сямейнага жыцця былі кампенсаваны, выкуплены цалкам яго далейшым лёсам. Але яна, Эліза Паўлоўская, стаўшы жонкаю Пятра Ажэшкі, захавала для гісторыі і вечнасці яго імя. А гэта варта пакутаў…

Легенды «Над Нёманам»

— Цяпер пра творчасць. Найперш, пра раман «Над Нёманам» і дзве легенды, уведзеныя ў гэты раман. Першая звязана з магілай Яна і Цэцыліі. Мы на кожны юбілей Элізы Ажэшка ездзім на месца, дзе ляжыць камень з незразумелымі, дагэтуль не прачытанымі пісьмёнамі. Ці на самай справе гэта была магіла першых палякаў на нашых землях? Ад таго часу, які апісвае Эліза Ажэшка, цяпер ужо налічваецца пяць соцень гадоў. Мы з Бахужам, панам прафесарам, якога я ўжо згадвала, размаўлялі пра гэта. Калі ён знайшоў рукапіс «Над Нёманам», я запытала, як ён лічыць: легенда пра першых палякаў прыдумана Элізай Ажэшка ці існавала на самай справе? Ніякіх яе слядоў у фальклоры не знойдзена — ні ў польскім, ні ў беларускім. А Эліза Ажэшка ўводзіць гэтую легенду ў свой твор як даволі выпакутаваную. Фактычна, гэта ўстаўная навела, у якой апісваецца прыбыцце першых палякаў на нашу зямлю. І магіла — матэрыяльнае сведчанне. Пры тым, што ніхто нічога не можа пацвердзіць, дзякуючы Элізе Ажэшка ўзнікае мясцовы абавязак па падтрымцы легенды і яе матэрыялізацыі. На гэтай магіле кожны раз да нашага прыезду збіраюцца людзі, каб расказваць нам ужо свае легенды. Іх я магла б назбіраць шмат, яны з разраду такіх, якія расказваюцца пра месца апошняга спаткання Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі. Камень там стаіць, і трэба, маўляў, прыкласці да яго рукі і прачытаць малітву, каб жыццё закаханых склалася шчасліва. Што ж датычыцца магілы яна і Цэцыліі, то заданне нашчадкам было дадзена Элізай Ажэшка ў гэтым рамане: ставіць над каменем драўлянае распяцце. І мы былі сведкамі, як яго мянялі, бо папярэдняе згніло. Напачатку гэта рабілі жыхары вёскі Багатыровічы, а цяпер ужо гэта справа скульптараў.

Другая легенда рамана «Над Нёманам» звязана з удзельнікамі паўстання. Але паўстанне — гэта для нас легенда, а на час напісання рамана — жывая гісторыя, трагічная праўда. Што там? Сапраўдная магіла паўстанцаў. Відавочна, так і ёсць. Але ніхто не скажа, колькі іх у той магіле пахавана. Паводле Ажэшкі іх сорак. Як сорак святых пакутнікаў — хрысціян. Вось так на легенду накладаецца яшчэ і біблія. І зноў жа — ажэшкаўскі запавет: ніякага помніка не трэба, а хто прыйдзе на гэтую магілу, няхай прынясе жменю зямлі. Сучасныя палякі запавет Элізы Ажэшка парушылі — паставілі помнік.

Другі твор, прысвечаны паўстанню, напісаны ў канцы яе жыцця. „Gloria victis» — «Слава пераможаным». Тут мы маем ужо сапраўдныя геаграфічныя назвы і сапраўдныя прозвішчы, бо забарона з тэмы паўстання была знята. Праўда аб паўстанні пададзена ў імпрэсіяністычнай манеры і можна лічыць, што ў творчасці Ажэшка гэта першы зборнік імпрэсіянстычныхх апавяданняў. Таму што тут побач з праўдай існуе яшчэ і рамантычна-узнёслае, легендарнае: памяць пра паўстанне захоўваюць не толькі людзі, але і прырода. І важна, што ў польскай літаратуры ХІХ і нават ХХ стагоддзяў годнасць чалавека вызначалася яго ўдзелам у паўстанні 1863 года (Баляслаў Прус, «Лялька»; Марья М. Дамброўская, «Ночы і дні»).

Батанічнае

— Колькі было ў яе альбомаў з гербарыямі, невядома, але яна вельмі любіла іх ствараць. Я трымала ў руках два альбомы 1880-х гадоў, і вось што мяне асабліва здзівіла: не толькі пялёсткі захавалі колер, але і шоўкавы матэрыял — як учора пакладзены. Да кожнай кветкі, кожнага лісточка, кожнай травінкі быў дабраны адпаведны фон. Я ўсе старонкі перагарнула — і нідзе нічога паламанага ці выцвілага не знайшла, усё як учора зроблена. Яна любіла дарыць людзям такія альбомы. Мы не можам іх сабраць, бо не ведаем, каму яна іх падарыла.

Эліза Ажэшка вельмі добра ведала прыроду наднёманскага края. Невыпадкова ў рамане «Над Нёманам» падаецца два цэнтры — сялянскі, Багатыровічы, і шляхецкі, Корчын. Апошняя назва — геаграфічны псеўданім. На самай справе гэта Міневічы. У Міневічах жылі людзі, якіх Эліза Ажэшка добра ведала, у якіх затрымлівалася, калі пісала свой раман і збірала матэрыял. На жаль, старых дрэваў там засталося вельмі мала, і часам экскурсаводы, якія любяць фантазію, узнёсла паведамляюць: вось дуб, пад якім пісала Эліза Ажэшка. Чаму ёй трэба было пісаць пад дубам?.. Але дом, дзе жылі яе сябры з ліку мясцовых памешчыкаў, напаўразвалены, дагэтуль там стаіць. А ў Мількаўшчыне, апрача студні і часткі ліпавай алеі, не засталося нічога…

І яшчэ. Яна спецыяльна нікога не лячыла, але добра ведала прызначэнне розных траў. І ў яе творчасці ёсць людзі, якія разумеюць, што такое лячэнне травамі. Вельмі цікавая тут постаць Пятрусі ў «Дзюрдзях». Я неяк падумала: праз цемрашальнасць гэтых Дзюрдзяў, беларусаў, пацярпела Пятруся. А яна ж увасабляла прыгажосць і душу беларускага народа.

Тут можна шмат усяго расказваць… Калісьці я вам раскажу яшчэ што-небудзь. Скажам, пра гісторыю помніка пісьменніцы, які знаходзіцца ў цэнтры Гродна, ці аб кніжцы, якую гарадзенцы выдалі ў гонар каханай пісьменніцы…

Мікалай Грынько:
«І Багушэвіч не быў бы Багушэвічам, калі б не пані Арэшчыха»

Мікалай Грынько

Дырэктар навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мікалай Грынько выказаў балючую думку пра тое, што хаця кожны гродзенец, сустрэты на тратуары, лёгка адкажа, хто такая Эліза Ажэшка, але не кожны ведае, што дакладна яна напісала. Можна меркаваць, што гэта ніяк не праблема Элізы Ажэшка, а праблема тых, хто не ведае творчасці слаўнай зямлячкі, ды вось які парадокс назіраецца і на ўсе праблемы разам уплывае: наша пісьменніца, якая двойчы намініравалася на нобелеўскую прэмію, адсутнічае ў нашай школьнай праграме. Нонсенс?!

— Але я чула, што вы якраз і займаецеся тым, каб гэты нонсенс ліквідаваць.

— Калі мы праглядзім вучэбныя праграмы па беларускай літаратуры, прагартаем іх хаця б за апошняе дзесяцігоддзе, то ўбачым, што ў пачатку 2000-х творчасць Ажэшкі была ўключана ў школьны курс: у 8 класе вывучалася аповесць «Раманіха», а ў 9 класе ў межах гісторыка-храналагічнага падыходу ў вывучэнні беларускай літаратуры ў тэме ХІХ стагоддзя Эліза Ажэшка разглядалася пасля Францішка Багушэвіча. На вялікі жаль, цяпер творы гэтай пісьменіцы ў школьнай праграме або адсутнічаюць, або прапануюцца ў якасці дадатковага чытання. Хаця той самы Багушэвіч, на маё меркаванне, не стаў бы Багушэвічам у тым выглядзе, у якім мы ведаем яго сёння, калі б не пані Арэшчыха. У вышэйшай школе мы, безумоўна, павінны вывучаць творчасць Элізы Ажэшка, і гэта так і ёсць, але гэта датычыцца толькі філфака, бо — логіка простая — гэта літаратура. Зноў жа, як на маё меркаванне, вельмі няправільна, што літаратура ў ВНУ вывучаецца толькі на філфаку. Літаратура, як і рыторыка, па вялікім рахунку, павінна вывучацца на кожным факультэце студэнтамі кожнай спецыяльнасці, бо мы ўсё ж рыхтуем спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, хоць і гаворым пра практыкаарыентаванае навучанне. Як мінімум, праз факультатывы літаратуру трэба прапускаць. Творы Элізы Ажэшка, у якіх ярка прасочваецца беларуская тэматыка, павінны вывучацца філолагамі і беларусазнаўцамі абавязкова. Прынамсі, шэдэўр «Над Нёманам», так званая беларуская трылогія — аповесці «Нізіны» і «Хам», раман «Дзюрдзі». Так, «Дзюрдзі» я б хутчэй назваў раманам. Якраз там — уся Беларусь, прыгожая і арыгінальная. Гэта не ўсходнія крэсы і не «Северо-западный край», гэта сапраўдная Беларусь з яе гісторыяй, жыццём людзей, пакутамі і трагічным лёсам. У Элізы Ажэшка так…

— Ці пашчасціла вам, вывучаючы лёс і творчасць Элізы Ажэшка, убачыць у ёй чалавека, якога вы блізка ведаеце? Якая яна асабіста для вас?

— Канечне, калі вывучаеш біяграфію Элизы Ажэшка — нарадзілася, вучылася, пісала, сябравала, — хочацца ведаць яшчэ і тое, як гэтая жанчына выглядала не на фотаздымку, а ў жыцці, як магла сябе паводзіць у тых ці іншых сітуацыях, якая была ўвогуле. Я б назваў яе беларускай пані. Выкшталцоная, з харошымі манерамі… Паводзінамі ў маладосці падобная на яшчэ адну вялікую гарадзенку — Алаізу Пашкевічанку, Цётку. Нават імёны падобныя. І ўспамінаючы абедзьвюх, прымушаеш сябе думаць, што светам кіруюць жанчыны.

Эліза Ажэшка паказала тое, што да яе не паказваў ніхто, — праблему крызісу сям’і, яе прычыны і шляхі вырашэння. Я не думаю, што сёння трэба даказваць актуальнасць гэтай праблемы…

— Сёння трэба перакладаць яе «Kilka slow o kobietach» на беларускую і рускую мовы і даваць у шырокі друк з наступным паўсюдным абмеркаваннем. Гэты тэкст прагучаў бы як новае слова. Патрэбнае, актуальнае. Мы друкуем у гэтым нумары яго ўрывак.

— А вазьміце «Нізіны». Хрысціна, якой яна там паказана, — гэта проста жанчына і маці. І больш ёй нічога не трэба. Эліза Ажэшка паказвае крызіс сям’і ў святле сацыяльнай трагедыі народа, і не проста як факт, а праз прычынна-выніковыя сувязі. Яна паказвае, дзе дакладна схавана праблема. У Хрысціны сям’я разбураецца. Чаму? Яшчэ большая трагедыя здараецца з Пятрусяй у «Дзюрдзях» — яна гіне ад рук быццам бы тых, з кім жыла побач. Але Ажэшка паказвае: не Дзюрдзі тут вінаватыя. Бо яны хто? Злодзеі? — пытаецца Ажэшка. І адразу адказвае: не! Яны працаўнікі! Яны сімпатычныя ёй. І яна перажывае за іх, яна іх любіць. Але вымушана канстатаваць: найлепшыя знішчаюць найлепшых. Чаму? У «Хаме», калі ўжо гаворым пра «беларускую трылогію», у прыгажуні Франкі — самы страшны фінал, які толькі можа здарыцца ў хрысціянскім свеце. Чаму? У беларускай літаратуры да Элізы Ажэшка гэтыя «чаму?» ніхто не задаваў, а калі задаваў, то пакідаў без адказаў. Ажэшка — адказвае: трэба браць адукацыю. Лепшае і лепшыя, народнае і народ знішчаюцца праз цемрашальства і забабоны. Каб была разумнейшай Хрысціна з «Нізінаў», каб умела яна чытаць, ці каб іншыя сяляне з вёскі Грынькі гэта ўмелі, не было б той праблемы. Была б адукацыя — была б і зямля. У «Хаме» Ажэшка падыходзіць да думкі, што адукацыі мала. Франка ж яе мае. Але Павел Кабыцкі не мае адукацыі, і просіць Франку навучыць яго чытаць. Навошта? Каб кніжкі мог касцельныя чытаць. Мы бачым, чытаючы «Хама», як адукаваны чалавек сябе страчвае — ідзе на вялікі грэх, самагубства. А чалавек неадукаваны — застаецца ў гэтым свеце і просіць доўгімі зімовымі начамі: «Божа, злітуйся на ёю, грэшнай». Тут мы што павінны разумець? Што ёсць адукацыя, але ёсць яшчэ і вера, і мараль. Вера без адукацыі можа быць няправільнай, забабоннай. Такую веру трэба адкінуць, адхрысціцца ад яе. У «Дзюрдзях» вельмі ярка адлюстроўваецца наша існаванне: мы — хрысціяне, і даўно, але як глыбока мы яшчэ язычнікі. І павінны знайсці свой шлях — ісці да хрысціянства і адукацыі.

Увогуле, вельмі многія праблемы, якія падымала Эліза Ажэшка, пішучы па-польску, былі пасля яе ўзняты ў літаратуры па-беларуску. Праз невялікі прамежак часу пасля напісання «Нізінаў» праблема зямлі закранаецца Якубам Коласам — «Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут», Кузьмой Чорным — у яго «Зямлі», і далей — россып такіх твораў, уключаючы і «Людзі на балоце»: каб той зямліцы, што каля цагельні, — памятаеце? Можа быць, у тым праблема, што мы не ўмеем гэтыя творы чытаць? Што для нас калі зямля, то і лапці? А гэта ж абсалютна няправільна. Зямля — гэта не лапці. Зямля — аснова Айчыне, і ніякіх лапцяў. Бо будуць толькі лапці, дык зямлі не будзе. Ажэшка пра гэта і гаворыць. Чаму сёння зямлі няма ні ў кога? І крызіс сям’і — адтуль жа карэннямі. Таму што ўсе ў лапцях. А трэба скідаць лапці.

— Элізу Ажэшка часам называюць эмансіпанткай, феміністкай і скандалісткай. Але ці правільнае адценне маюць гэтыя словы, калі размова пра Ажэшку?

— Слушнае пытанне. Сапраўды, у нашай свядомасці феміністка — гэта хто? Абсалютна незалежная жанчына, якая ўсё вырашае сама, мужчыну да сваіх спраў не падпускае, робіць што хоча. У пэўнай ступені яна і скандалістка… Калі Ажэшка феміністка, то якая яна феміністка? Па-першае, гэта вельмі разумная, адукаваная кабета, якая ведае, што жыць так, як жывецца, немагчыма, што трэба нешта мяняць, і галоўнае, яна ведае, як гэта рабіць. Ведае, што трэба дапамагаць, і ведае, як дапамагчы. Успомнім пажар 1885 года, калі паўгорада згарэла. Колькі сродкаў яе намаганнямі было тады сабрана, колькім людзям яна дапамагла пры тым, што і сама пацярпела?! Разам з тым, яна проста жанчына, якая хацела ўвагі і разумела, што людзі яе любяць. Што рабілі гарадзенцы, калі яна знаходзілася на Божым ложку? Саломай высцілалі дарогу, каб не дай божа іхняя пані не прачнулася ад таго, што раніцай вазы паехалі. А была б яна эмансіпанткай і феміністкай у сённяшнім шырокім сэнсе гэтых слоў, то ці рабілі б так людзі? Сказалі б: ды што з ёю зробіцца!..

Яна жанчына, сапраўдная жанчына. Хоць і не з такім лёсам, які даецца жанчыне сямейнай. Калісьці гадоў дзесяць таму мне давялося на канферэнцыі весці дыскусію ў секцыі. І пакойны Мікола Іванавіч Мішчанчук сказаў: «Але ж яна ў адрозненне ад іншых не змяніла прозвішча, яна ж Арэшчыхай засталася!» Так, яна наўмысна засталася pani Orzeszkowej. Калі сёння ў палякаў спытаць пра яе дзявочым прозвішчам — Эліза Паўлоўская, наўрад ці хто будзе ведаць, пра каго гаворка, а прамовіш: pani Orzeszkowа — «О, to pani!».

Сёння з нашым прэзідэнтам сустракаецца міністр замежных спраў Польшчы, і пасля едзе з Мінска ў Гродна. Для чаго? Каб схіліць галаву перад вялікай пані.

— Ён едзе do Orzeszkowej.

— Так, едзе do Orzeszkowej. Каб зацвердзіць, што яна сапраўды шмат зрабіла для нашай культуры.

25 мая 2016 г.