Гісторыя

Гісторыя часопіса - кароткімі штрыхамі
(а таксама праз шкельца сучаснасці)

"Існуе з красавіка 1953 годa"

«Маладосць» — штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс, выдаецца на беларускай мове ў Мінску з красавіка 1953 года.

Галоўныя рэдактары

Аляксей Кулакоўскі (1953 — 1958)
Пімен Панчанка (1958 — 1966)
Алесь Асіпенка (1966 — 1972)
Генадзь Бураўкін (1972 — 1978)
Васіль Зуёнак (1978 — 1982)
Анатоль Грачанікаў (1982 — 1991)
Генрых Далідовіч (1991 — 2002)
Раіса Баравікова (2002 — 2011)
Таццяна Сівец (у 2011-м)
Святлана Дзянісава (з 2012-га).

У «Маладосці» друкаваліся

Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Янка Маўр, Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Максім Лужанін, Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Васіль Вітка…

Тут працавалі

Янка Брыль, Уладзімір Дамашэвіч, Янка Сіпакоў, Леанід Дайнэка, Вячаслаў Адамчык, Мікола Гіль, Міхась Стральцоў, Мікола Аўрамчык, Алесь Жук, Казімір Камейша, Уладзімір Саламаха, Віктар Гардзей, Алесь Бадак, Раіса Баравікова…

У выданні публікуюцца

…раманы, аповесці, апавяданні, паэмы, вершы, публіцыстычныя, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, пераклады. З такімі традыцыйнымі рубрыкамі, як «Проза» і «Паэзія», суіснуюць рубрыкі «Упершыню ў «Маладосці», дзе дэбютуюць маладыя паэты і празаікі, і «Вяртанне» — публікацыі класікаў, знойдзеныя праз цяжкую працу або шчаслівы выпадак.

Гульня ў слова

«Маладосць» – пляцоўка для творчасці маладых? Ці не толькі? Не толькі пляцоўка для творчасці і не толькі для творчасці маладых! Гэта спроба пагуляць з самім словам «маладосць», і тое, наколькі ўдалай будзе гэта спроба, залежыць ад таго, што маюць на ўвазе, вымаўляючы «маладосць», не толькі супрацоўнікі рэдакцыі часопіса, але і яго аўтары – сённяшнія і заўтрашнія.

Маладыя? Хто такія?

Паняцце маладосці на пачатку трэцяга тысячагоддзя пашырае свае межы. Не можа не пашыраць. Маладыя – гэта ўжо не столькі тыя, каму дваццаць, дваццаць пяць, трыццаць. Маладыя – гэта тыя, чые думкі і пачуцці знаходзяць водгук у слухачоў і чытачоў. Проста мысляць яны ў суладдзі з часам, прагрэсіўна. Мары і памкненні творцаў, калі яны маладыя па-сапраўднаму, накіраваны на развіццё чалавека і грамадства, а не на праслаўленне асабістага імя пісьмовымі сродкамі. Маладыя – гэта тыя, каму ёсць што сказаць свету.

Вам ёсць што сказаць?

Вы можаце зрабіць гэта прыгожа – стаць аўтарам часопіса «Маладосць», яго крытычных, аналітычных і публіцыстычных матэрыялаў.

Вы ўжо з’яўляецеся аўтарам мастацкіх твораў? І яны прайшлі выпрабаванне ўласнай крытыкай? Калі ласка, запрашаем на літаратурныя старонкі!

Рукапісы не рэцэнзуюцца,
не вяртаюцца і… не гараць

Рэдакцыя не рэцэнзіруе дасланыя матэрыялы і не вяртае іх аўтарам, гэта так. Але ў супрацоўнікаў рэдакцыі заўсёды знойдзецца што сказаць вам. Тэлефануйце, заходзьце. Сустрэнемся!

Самы першы нумар

Можна гартаць.

Самы першы нумар