Генрых Сянкевич на Беларуси

Генрых Сянкевіч на Беларусі

З трох выдатных прадстаўнікоў польскай рэалістычнай літаратуры ХІХ стагоддзя (Ажэшка, Прус, Сянкевіч) найбольш папулярным і сярод даследчыкаў, і сярод чытачоў быў і застаецца Генрых Сянкевіч. Аднак лёс і гісторыя папулярнасці пісьменніка на Беларусі маюць вельмі цікавы характар. У шматлікіх навуковых крыніцах адзначаецца, што Сянкевіч генетычна і эмацыянальна быў звязаны з нашай краінай. Сянкевіч меў шляхецкае паходжанне. Па лініі матчынай у ім былі такія вядомыя постаці, як капелан Яна Казіміра, Яўхім Лелевель, граф Бруна Кіціньскі. Што датычыцца радаводу бацькі пісьменніка Юзафа Сянкевіча, то ён быў больш дэмакратычны і нацыянальна неаднародны. Былі ў ім палякі, беларусы, татары. Прадзеда пісьменніка звалі Міхалам Татарам і паходзіў ён са змешанай беларуска-татарскай сям’і. Трэба адзначыць, што ахрышчаны быў гэты Міхал Татар толькі на 15-тым годзе жыцця і прыняў каталіцкую веру. Троху пазней ён пачаў служыць у польскім войску і атрымаў тытул шляхціца. Змены ў сацыяльнай прыналежнасці і ў сям’і адбыліся ў XVIII стагоддзі. Даследчыкі творчасці і генеалагічнага дрэва роду Сянкевічаў і да сённяшняга дня не знайшлі адказу на загадку, чаму паненка з праслаўленай і вядомай сям’і (маці пісьменніка) выйшла замуж за небагатага старшага ляснічага (бацька пісьменніка). Маладая сям’я пачала жыць на Палессі (цяпер тэрыторыя Беларусі). Такім чынам, паходжанне і асяроддзе вельмі значна ўплывалі на фармаванне сямейнай атмасферы. Можна сказаць, што гэта быў уплыў генетычны на маленькага сына Генрыха (у будучым пісьменніка сусветнай славы). Будучы ўжо вядомым пісьменнікам і думаючы аб велічы сваёй Бацькаўшчыны, Сянкевіч не толькі збіраў гістарычныя матэрыялы, але і звяртаўся да дзейнасці і жыцця роду свайго бацькі, звязаных з Беларуссю.

Святлана Мусіенка

Чытаць далей...

5 мая 2016 г.

Стоп! Знята!

Стоп! Знята!

У суботу, 7 мая, у Дзень Друку, глядзі на «Беларусь 3» у 12-25 праграму з удзелам нашых рэдактараў, а пакуль чытай справаздачу пра тое, як яна здымалася.
Стоп! Знята!
Стоп! Знята!
Стоп! Знята!
Стоп! Знята!

Перадачу «Размаўляем па-беларуску» я заўсёды глядзела з таемнай думкай: «Вось бы туды патрапіць». Але на свядомае здзяйсненне самых добрых мар вечна нечага не хапае. Праўда, аднак, і тое, што думкі матэрыяльныя: адным працоўным ранкам патэлефанавала Алена Мальчэўская, галоўны рэдактар часопіса «Полымя», і сказала: «Едзем удзельнічаць».

Цягнік да Гомеля — менавіта ў гэтым горадзе здымаецца перадача — адпраўляецца ў 7.00. За 15 хвілін да гэтага абедзве каманды — 2/3 часткі каманды «Звяздоўцы» і цалкам пакуль безназоўная — сабраліся. Ранні пад’ём і амаль пяць гадзін у дарозе ні на кроплю не паменшылі жаданне ўбачыць цудоўны Гомель, знакамітых вавёрак у парку каля палаца Румянцавых-Паскевічаў, сам палац і, зразумела, паўдзельнічаць у здымках тэлеперадачы.

У парку, вядомым палацам і вавёркамі, нас чакала невялікае расчараванне. Помнік архітэктуры, зразумела, нікуды не дзеўся, а вось вавёрку мы сустрэлі толькі адну: яна крыху папазіравала нам з шышкай у лапках, відаць, звыклая да ўвагі фотакамер, а потым паскакала па верхавінах дрэва сваімі вавёрчынымі шляхамі. Вось хто сапраўды прагнуў нашай увагі, дык гэта галубы. Нахабныя і смелыя ад сваёй згуртаванасці, прывабленыя прапанаваным Аленай батонам, яны суправаджалі нас да самага канца парку. На жаль, як ні хацелася застацца тут, велічна шпацыраваць па палацы, уяўляючы сябе не менш як графіняй, не зважаючы на шамаценне цэлафанавых бахілаў, трэба было гэтае месца пакінуць. Ірына Асташкевіч, карэспандэнт «Звязды» па Гомельскай вобласці, наш гід і трэці ўдзельнік каманды «Звяздоўцы», сказала, што летам тут нашмат прыгажэй. Мы намёк зразумелі.

Усведамленне, навошта мы сюды прыехалі, з’явілася толькі ў грымёрцы. Падбадзёрвалі сябе кавай і гарбатай, па чарзе сядалі ў крэсла да майстра тэлепрыгажосці. Найбольш складана працэс грыміравання перажываў Ілья Крыжэвіч, карэспандэнт «Звязды», але і яму давялося пазнаёміцца з танальным крэмам, пудрай і лакам для валасоў. Тым часам рэдактар перадачы патлумачыла правілы гульні, асаблівасці працэсу здымак, папрасіла вызначыцца з назвамі. Жартам прапанаваны рэдактарам «Вожыка» Ганнай Кіслушчанка варыянт «Маладыя палымяныя вожыкі» (удзельнікі каманды прадстаўлялі часопісы «Маладосць», «Полымя» і «Вожык») так і застаўся адзіным. Праўда, назву давялося скараціць, таму ў гісторыі гульні мы засталіся пад імем «Палымяныя вожыкі» (тое, што маладыя, бачна і так).

Пакуль мы рыхтаваліся, у грымёрку зайшла вядучая Алена Трацэнка. Неверагодна прыгожая, стылёвая і добразычлівая — карацей, такая, як на экране. За прыемнымі размовамі час прайшоў незаўважна — трэба ісці ў студыю. Там з’явілася адчуванне, нібы знаходзішся ўнутры тэлевізара: добра знаёмыя дзякуючы тэлеэкрану дэкарацыі аказваюцца сапраўднымі, вялікімі, а ты ў іх — маленькі тэлегерой, нібы і несапраўдны нават, як лялька ў лялечным доміку. Нам яшчэ раз паўтарылі правілы працэсу здымак: не глядзець у камеры, не перабіваць вядучую і ўдзельнікаў, не спяшацца з адказамі і не хвалявацца. Скарыстацца апошняй парадай было вельмі складана: як толькі я заняла сваё месца за сталом, пачалі дрыжаць калені (да таго моманту я думала, што гэта — ўсяго толькі літаратурны прыём), рукі, голас. Але дзіўна, усе прыкметы хвалявання незаўважна зніклі падчас здымак. Яны, дарэчы, цягнуцца крыху больш, чым па выніку ідзе сама перадача — часам рэжысёр перапыняе здымкі, каб зняць некага буйным планам, перапісаць невыразна вымаўленую рэпліку, пра што абвяшчае гучным голасам нібыта аднекуль зверху, таму на роздум над пытаннем часу крыху больш, чым пяць секунд. За сумленнасцю гульні і правільнасцю адказаў сочыць Святаслаў Крупенька — строгі, але вельмі добразычлівы суддзя.

Кацярына Захарэвіч

4 мая 2016 г.

Юбилейнае

Юбілейнае

Да 95-годдзя Міколы Ермаловіча

Мікола Ермаловіч

У сучаснасці кожнага чалавека існуе пэўнае, для каго большае, для каго меншае кола асобаў, дзякуючы дзейнасці якіх можна ганарыцца сваёй сучаснасцю. Але вельмі шкада, што не ўсе сёння могуць назваць сябе сучаснікамі Міколы Ермаловіча, пры тым што з’яўляюцца сучаснікамі яго сучаснікаў. Па-добраму, вельмі светла зайздросціш тады людзям, якія бачылі яго, схіленага над пісьмовым сталом, над першакрыніцай, разглядаючы яе праз акуляры і пад павелічальным шклом. Зайздросціш тым, хто мог паслухаць яго, пагаварыць з ім, задаць яму пытанні і атрымаць адказы. Але часопісу «Маладосць» пашчасціла друкаваць яго «Старажытную Беларусь», і кожны «маладосцевец» праз гэтую акалічнасць з’яўляецца-такі сучаснікам Міеколы Ермаловіча. Бо і ён нам сучаснік. Хіба можна паверыць, што вось гэты верш напісаны ім сорак гадоў таму?

Гэта пры нас...

Гэта пры нас Беларусь забівалі,
Гэта пры нас ёй магілу капалі,
Ды аб ратунку яе мы не дбалі,
Мы яе ворагу самі аддалі.
Многія з нас нават катамі сталі,
Разам з прыблудамі білі, тапталі,
Гналі яе, ёй у вочы плявалі.
Мы ж гэта шчасцем яе называлі,
Будучнасць слаўную ёй прадракалі
І пераможныя гімны складалі.
Гэта пры нас Беларусь забівалі.
Гэта пры нас ёй магілу капалі,
Толькі адны мы у гэтым віноўны,
Толькі адным нам і мераю поўнай
Вечнай агіды адмерана будзе,
Бо не падставілі мы свае грудзі,
Каб засланіць імі маці Радзіму.
Гэта бо толькі і ёсць тым адзіным,
Чым здабываюць жыццё і свабоду,
Гонар і славу Айчыне й народу.
Гэта пры нас Беларусь забівалі,
Гэта пры нас ёй магілу капалі.

1976

29 красавіка 2016 г.

У № 4 «Маладосци»

У № 4 «Маладосці»

Анонс — урыўкамі

№ 4 «Маладосці»

***

Калі ўважліва знаёмішся з рукапісам кнігі «Лірыка. Эпас», звяраючы яго змест з бібліяграфіяй твораў Юлі Таўбіна, заўважаеш, што амаль усе вершы, уключаныя ў кнігу, паэт здолеў надрукаваць раней у іншых выданнях — часопісах, газетах і сваіх папярэдніх зборніках. Усе, акрамя аднаго — «Дужы вецер і маладзік з Гётэвае аповесці». Напэўна, тагачасныя рэдактары палічылі верш занадта цяжкім для ўспрымання «фармалістычным выкрунтасам», а можа нават і праявай «шкодніцтва на літаратурным фронце». Насамрэч жа ён цікавы як прыклад смелага і натхнёнага эксперымента са словам, рыфмай, рытмікай. Дый нават з літаратурнымі адсылкамі, гэтак уласцівымі паэзіі Таўбіна. Напэўна, толькі па-сапраўднаму ўлюбёны ў літаратуру чалавек знайшоў бы асацыятыўнае падабенства паміж маладзіком у неспакойным небе і галоўным героем рамана «Пакуты юнага Вертэра» (1774) Ёгана Вольфганга Гётэ — вялікага нямецкага паэта, якога Юлі Таўбін шанаваў і перакладаў на беларускую мову. Маладзіку-Вертэру, які «не знаходзіць месца на свеце», супрацьпастаўляецца «дужы вецер» як стыхійная ўсеахопная ўсеабуджальная рэвалюцыйная сіла, гэткі «вецер перамен».

Артыкул Віктара Жыбуля пра Юлія Таўбіна
плюс яго невядомы раней верш — у рубрыцы «Вяртанне»

***

Нават на мастацкіх выставах Цфанія Кіпніс больш экспанаваў эскізы тэатральных дэкарацый, чым, напрыклад, жывапісныя пейзажы! Адна з найбольш цікавых галін яго творчасці — праца ў жанры сяброўскага шаржа. Аб’ектамі іроніі мастака найчасцей рабіліся яго сучаснікі — літаратары. Пагартаем, напрыклад, нумары часопіса «Заклік», які выходзіў у 1933 годзе. Вось намаляваны Кіпнісам знакаміты пісьменнік Змітрок Бядуля — аўтар аповесці «Салавей»: адна яго рука абседжаная маленькімі птушачкамі (трэба думаць, таксама салаўямі), а другою ён круціць ручку катрынкі. Дапаўняе малюнак эпіграма Кандрата Крапівы.

Цфанія Кіпніс,
чалавек беспамылковага густу і яго шаржы

***

Зборнік «Мой дзень пачынаецца» выдавецтва «Мастацкая літаратура» (2015) склалі руска- і беларускамоўныя творы сарака пяці аўтараў ва ўзросце ад дзевятнаццаці да трыццаці трох гадоў. Кароткая прадмова памерам у два абзацы і яшчэ больш лаканічная анатацыя ў адзін сказ прапаноўваюць чытачу ўявіць аўтараў у ролі будучых класікаў, бо, падкрэсліваецца, ужо зараз у іх творчасці заўважны патэнцыял, каб «стаць дастойнай заменай лепшых прадстаўнікоў нашай літаратуры». А пакуль вучні класікаў і таленавітыя самародкі практыкуюцца ў прыгожым пісьменстве, вызначаюць для сябе функцыі сучаснага мастацтва і сваё месца ў ім. Зборнік іх творчасці — кластар для прамежкавых вынікаў гэтай нябачнай пошукавай ды шліфавальнай працы. Карысны ён і тым, што пісьменнікі-пачаткоўцы «жывуць» у зборніку разам, нібы у студэнцкім інтэрнаце, таму не толькі атрымліваюць магчымасць «сябе паказаць», але і «іншых паглядзець», ацаніць, параўнаць.

«Крытыка» з ярлычком «Заявачкі».
Аўтар — Паліна Піткевіч

***

«Іўрыт, іўрыт, ІЎ-РЫТ!»— дзень пры дні гіпнатызаваў мяне ды іншых дзядоў і бабуль Дзядзюля. Сам Дзядзюля за сваё сямідзесяцігадовае габрэйскае жыццё не агораў аніводнага кручочка з кампактнага, на дваццаць дзве літары, алфавіта, але ідэяй вяртання да моўных каранёў з пэўнага моманту быў апантаны бясконца. Гэткае ні з пушчы ні з поля азарэнне прылучылася годзе ў 1991-м, праз пару гадоў пасля таго, як Дзядзюля дэклараваў свой хуткі ад’езд на ПМЖ, — ды за паўтара года да самога ад’езду.

Дзядзюля— інтэрнацыяналіст да шпіку косткі. У гэтым можна лёгка пераканацца са стракатага, дзе ёсць, пэўна, нацыяў дваццаць, донжуанскага спіса на тысячу каханак. Аднак — бач ты! — раптам ён зрабіўся стрыманым прыхільнікам нацыянальных каштоўнасцяў.

— Ігаль, можна я буду называць цябе на габрэйскі манер Ігалем? — папрасіў Дзядзюля, калі аднойчы завітаў у мой пакой падлетка і пачуў, як я слухаю «Уліс» і «Мрою». Прадаўшы кватэру, са сваёй пятай жонкай, Бабафаняй, яны гэтыя апошнія паўтара года перад рэпатрыяцыяй жылі з намі ў панэльцы на Зялёным Лузе.

— Ёсць мовы, якімі мы размаўляем: руская, нямецкая, украінская, польская… добра… хай сабе беларуская, — шчодра пачаў сваю перадвыбарчую кампанію Дзядзюля. — Але габрэі і людзі, у якіх ёсць хоць кропелька габрэйскай крыві, — тут Дзядзюля шматзначна паглядзеў на мяне, — тыя на нейкім этапе павінны хіліцца да ідыша… Прабач, іўрыта.

О так! Я захапляўся беларушчынай, і Дзядзюля згледзеў у гэтым шанц для сваёй габрэйшчыны. Ён браў у хаўруснікі беларускую мову ў сваім гэтым няпростым змаганні з іншымі, вялікімі і магутнымі, культурамі, якія, як ён заўважыў, апошнім часам далі расколіну.

Павал Касцюкевіч і яго «Урокі габрэйскай»
(урывак з сямейнай сагі «План Бабарозы»)

***

Перад Першай сусветнай вайной у Лідзе жыло каля 16 000 чалавек. У горадзе працавалі аддзяленні Бунда і Паалей Цыёна, існаваў яўрэйскі шпіталь. У 1914 годзе яўрэям належалі аптэка, 6 аптэчных складоў, 10 гасцініц і рэстаранаў, 2 хлебныя крамы, 3 кнігарні, цырульня, пральня, гадзіннікавая майстэрня, 3 ювелірныя крамы і 136 розных крам (у тым ліку 20 бакалейных і 13 мануфактурных). Горад меў два бровары — Папірмайстра і Пупко, спіртзавод Стругача, тартак Палячака, ліцейны завод братоў Шапіраў, тытунёвую фабрыку Віленчыка, фабрыку па вырабе мыла Ківяловіча, фабрыку разліву манапольнага алкаголю, шмат крам і аптовых складаў. З фінансавых устаноў у горадзе меліся: Таварыства ўзаемнага крэдыту, Яўрэйскі супольны банк, Банкаўская кантора Янушкевіча і інш. Большасць уладальнікаў — яўрэі.

Артыкула Леаніда Лаўрэша «Яўрэі Ліды» —
у рубрыцы «Акалічнасці месца і часу»

26 красавіка 2016 г.

У красавицким нумары «Бярозцы»

У красавіцкім нумары «Бярозцы»

«Бярозка»

***

Не кожная мабільная прылада «размаўляе» па-беларуску. Разпрацоўшчыкі смартфонаў забываюцца пра існаванне беларускай мовы, а для некаторых карыстальнікаў адсутнасць падтрымкі «матчынай» – вялікая праблема. Як зрабіць сябрамі тэхналогіі і мову? Агляд самых цікавых і запатрабаваных беларускамоўных дастасаванняў дапаможа беларусізаваць твой смартфон.

Як зрабіць свой смартфон беларускім? Адказ у рубрыцы «Табе навука»

***

З творчасцю Якуба Коласа ў мяне стасункі асаблівыя. Гэта быў першы беларускі літаратар, якім я сур’ёзна зацікавіўся яшчэ ў раннім дзяцінстве, калі толькі навучыўся чытаць. Застаецца ён № 1 у спісе беларускіх класікаў і цяпер. Хутчэй за ўсё, будзе пад гэтым нумарам заўжды.

Знаёмства з класікам адбылося ў вельмі раннім узросце. Першы твор, які я прачытаў, – паэма «Новая зямля». Пазнаёміцца з ёй вырашыў не ад цікавасці да літаратуры, а таму што хацеў даведацца, як жылі «даўнейшыя» людзі ў нашым краі. Вёска Магільнае, куды я штогод прыязджаў на летнія вакацыі да бабулі, знаходзіцца зусім побач з Акінчыцамі, Мікалаеўшчынай, Новым Свержанем і Стоўбцамі. Чытанне «Новай зямлі» адкрыла для мяне цэлы свет старасвеччыны – здавалася, што цяпер я, гарадскі хлапец, атрымаў нейку сакральную веду пра жыццё мінулых пакаленняў.

Калі вучыўся ў школе, любіў чытаць-перачытваць «Казкі жыцця», якія ўпершыню пабачылі свет ў 1921 годзе ў Коўна, дзякучы руплівай працы Вацлава Ластоўскага. Знаходзячыся ў эміграцыі, Ластоўскі фактычна замяняў для беларускага эміграцыйнага асяродка шэраг дзяржаўных інстытуцый, якія займаліся ў БССР развіццём беларускай культуры.

Дабра памятаю, як пазнаёміўся з паэмай «Сымон-музыка» у старэйшых класах. У той час я не вельмі любіў літаратуру, тым больш беларускую. Але гэта паэма захапіла мяне адразу, найперш таму, што я адчуваў нейкую роднасць з галоўным героем, а яго праблемы былі актуальнымі і для мяне. Падлетку заўжды здаецца, што ён «не прыласканы нікім», жыве сам па сабе ў гэтым свеце. Па сутнасці, Сымон, як цяпер сказалі б на замежны лад, — self-made man, чалавек, які зрабіў сябе сам. Дамогся жаданага па жыцці, прыйшоў да поспеху, кажучы сучаснаю моваю. Для мяне гэты твор Якуба Коласа не проста ўзор прыгожага пісьменства, значны і дасканалы твор беларускай літаратуры. Гэта яшчэ і добры матывацыйны тэкст, які вучыць самаразвіццю і самаўдасканаленню. Ён паказвае, што кожны чалавек, нават самы просты, можа кінуць выклік лёсу і перамагчы. Узяць яму належнае.

Сымон-музыка як self-mademan у рубрыцы «Бел.літ.»

***

Ну хто з нас не сядзеў увечары, галаву схіліўшы, над дамашнім заданнем і не марыў, каб яно знікла? На жаль ці на шчасце, яно не знікала… Не так даўно Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя выказаў прапанову адмяніць «дамашку». Пра гэта і іншае я падслухала ў настаўніцкай Свіслацкай гімназіі, калі размову вялі Алена Пятроўна Супрун, настаўніца англійскай мовы, Таццяна Юр’еўна Каскевіч, настаўніца беларускай мовы, і Святлана Уладзіміраўна Філатава, настаўніца біялогіі.

А.П.: Я мяркую, што перш за ўсё трэба не дамашку адмяняць, а выпраўляць падручнікі. Каб падрыхтавацца да ўрока, трэба шукаць практыкаванні і інфармацыю ў інтэрнэце і кнігах замест таго каб знаходзіць усе патрэбныя заданні і правілы ў адным падручніку. Наогул, большую частку ведаў дзеці павінны атрымліваць на ўроку, каб дома толькі ўзнавіць іх у памяці.

С.У.: Без дамашняга задання нельга абысціся. Каб вучні хоць што-небудзь запомнілі, настаўніку трэба паўтарыць шмат разоў раз тое, што толькі што растлумачыў. І чым больш – тым лепш. І зразумела, калі вучань прачытае тую ж інфармацыю пасля дома, самастойна, – тады толькі веды ў яго застануцца. Мабыць, толькі ў профільных класах пасля дзявятага можна адмяніць дамашняе заданне па прадметах, якія ў профіль не ўваходзяць, — каб вучні маглі засяродзіцца на дысцыплінах, патрэбных для ЦТ.

Т.Ю.: Не кожны вучань мае здольнасць зразумець усё на ўроку. Таму, лічу, неабходна добра замацаваць атрыманыя ў школе веды дома. Адчуўшы, што атрымалі свабоду, вучні разлянуюцца канчаткова. І так амаль усе спісваюць. Я б з вялікім задавальненнем павыдаляла ўсе гэтыя іх рашальнікі, якія дазваляюць нічога не рабіць, а проста спісаць заданне ў інтэрнэце.

С.У.: Сённяшнія магчымасці вучняў ды ў маё б дзяцінства! Цяпер, калі чагосьці не ведаеш, проста зайдзі ў пошукавую сістэму — і адразу будзе адказ. У мае школьныя гады трэба было ісці ў бібліятэку і пералапаціць вялікі стос кніг, каб знайсці адказ на сваё пытанне.

А.П.: А мне не так важна, спісвае вучань ці не, розныя бываюць акалічнасці ў жыцці. Калі ён можа патлумачыць, чаму ў сказе адбываецца менавіта гэтая з’ява ці ўжываецца гэты час – вельмі добра, веды ў галаве ёсць. Але бяздумна спісваць – марнаваць час. Заўсёды ёсць настаўнік, які можа патлумачыць.

Настаўніцкая на праслушцы. «Запісваем дамашняе заданне…»

***

«Прыгожая прыйшла» — менавіта так перакладаецца імя адной з самых вядомых жанчын у гісторыі чалавецтва, старажытнаегіпецкай царыцы Ніферціці. Цяжка паверыць, але яе вобраз увайшоў у гісторыю культуры толькі ў 1912 годзе. У тым самым годзе, калі патануў «Тытанік» , у мястэчку Эль-Амарна археолагі адшукалі майстэрню старажытнаегіпецкага скульптара Тутмаса, дзе ўбачылі некалькі выяў Ніферціці ў розным узросце. Але самая вядомая – паліхромная галава Ніферціці ў блакітнай ціары, зробленая ў першай чвэрці 14 стагоддзя да н.э. Гэта вельмі адметны пераяд у развіцці старажытнаегіпецкага мастацтва, які называюць Амарнскім.

Да гэтага часу ўжо былі пабудаваны знакамітыя піраміды ў Гізе (2800 гг. да .э. ) — адзіны з сямі цудаў свету, які захаваўся да нашага часу, з’явіліся манументальныя скульптуры фараонаў і маленькія фігуркі ушэбці, якія клалі ў магільні, каб яны абслугоўвалі фараона пасля смерці. На сценах магільняў з’явіліся незвычайныя па прыгажосці роспісы, дзе практычна ўсе фігуры былі ўвасоблены паводле законаў старажытнаегіпецкага канона: галава і ногі ў профіль, плечы ў фас, тулава ў тры чвэрці. Але першы скульптар, імя якога мы ведаем дакладна, — гэта Тутмас, аўтар скульптурных партрэтаў Ніферціці.

Старажытныя егіпцяне верылі, што людзі — гэта слёзы сонца, і фіксавалі самыя важныя падзеі ў іерогліфах, якія таксама расшыфравалі адносна нядаўна. Менавіта дзякуючы гэтым запісам стала вядома, што Ніферціці прывёз у свой гарэм Аменхатэп ІІІ, які надта ж любіў хадзіць у ваенныя паходы. Калі ён загінуў, улада перайшла да ягонага сына Аменхатэпа ІV, які распусціў гарэм і пакінуў сабе за жонку толькі Ніферціці. Яна натхніла яго на глабальныя па тым часе рэформы. Ён абмежаваў уладу жрацоў і наблізіў сябе да Бога Сонца – Атона. Яго імя цяпер гучала як Эхнатон, Ніферціці – Неферт-Неферт-Атон. У горадзе Ахетатоне храм («дом Атона») быў звязаны з царскім палацам вісячым мастом… У гэты час з’яўляюцца шматлікія рэльефы і роспісы з выявамі Эхнатона і ягонай жонкі царыцы Ніферціці, а таксама яго шасці дочак.

Але праз нейкі час імя адной з прыгажэйшых і наймудрэйшых жанчын у гісторыі чалавецтва, пачынаюць у запісах заціраць…

«Я ведаю мастцтва» з праекта «Я — мастак». Асабліва вартае чытанне!

***

Пашка і Аня хаваліся ў кладоўцы.

Блізняшкі-першаклашкі Цімка і Дзімка звычайна гулялі ў ёй па абедзе, а сёння 1 красавіка, і Пашка падгаварыў Аню пажартаваць над малечай.

План быў просты: як толькі малыя аб’явяцца каля кладоўкі, з яе выскачыць парачка прывідаў у белых прасцінах.

Прасціны Пашка выцягнуў з карзіны для бруднай бялізны. Заставалася ў іх закруціцца і чакаць.

— Уяўляеш, як яны закрычаць!

— А раптам яны разравуцца?

— Яшчэ і як разравуцца! А мы пасмяёмся.

— Мне страшна, — сказала Аня.

Пашка яе не зразумеў. Твар дзяўчынкі сапраўды выдаваў страх.

— Чаго ты? Прыкольна ж!

— Я пра іншае. Гэтая лялька. Мне не падабалася, як яна пазірае, і я перавярнула яе. А цяпер яна зноў на спіне!

Пашка хмыкнуў. Побач з Аняй сапраўды ляжала лялька. Трошкі дзіўная: сама з тканіны, а ярка-блакітныя вочы — з нечага цвёрдага, пластыку або парцэляны. Лялька пазірала на хлопчыка.

— Што за лухта! — раззлаваўся Пашка. — Не магла нічога лепшага прыдумаць першага красавіка?

Ён кінуў ляльку ў скрыню з канструктарам. Тут у пакоі пачуліся крокі малых. Але блізняты не збіраліся заходзіць у кладоўку. Нечым пашамацелі і зніклі.

— Ну вось, — сказаў Пашка. — Цяпер чакай, калі вернуцца…

Нешта кранула яго за нагу. Пашка зірнуў: да яго дакраналася рука лялькі. Яе вочы пазіралі на хлопчыка.

Па спіне пабеглі мурашкі! Хлопчык адпіхнуў ляльку нагой і злосна зірнуў на сястру.

— Ну, ведаеш!..

Аня сядзела, сціснуўшыся ў спалоханы камячок, ля самай сценкі і бязгучна плакала.

— Паша, гэта не я. ЯНА САМА! Хадзем адсюль!

Хлопчыку зрабілася не па сабе, але ён толькі паціснуў плячыма: хадзем, маўляў, калі такая баязліўка. Пішнуў дзверы… І тут яго абдало халодным потам.

— Анька! Блізняты кладоўку замкнулі.

І ў тое ж імгненне лямпачка пад столлю мірганула і патухла.

— А-а-а-а-а! закрычалі перапалоханыя дзеці.

Прывід Аркаша з 13-й старонкі — аўтар самых страшных гісторый. Дачытай да канца ў «Бярозцы»!

***

Жыў ды быў у цёмным лесе, на гушчаравым Палессi, дзе Кiкiмар у бары заядаюць камары, дзе ў лагчынах Лесавiк кормiць кашай чаравiк, Змей-Гарыныч трохгаловы, з вокам выпуклым, лiловым, з лускай чорнай, нiбы смоль, надакучлiвы, як моль.

Кожны дзень на самым золку ён любiў гасiць вясёлку, сонца хмарай закрываць, з крумкачамi ваяваць, нападаць на гарады, есцi з дубу жалуды, люд палохаць у дарозе, дзерцi лiсце на бярозе, i з Ягiней па чарзе лётаў ён на качарзе.

Ад яго стагналi горка нават Месяц, нават зоркi, нават гразкае балота бедавала, як галота. Натапыраны пугач у дупле дрыжаў, хоць плач, і халодная вужака пад кусты ўцякала з жахам. А гняздзiўся Змей-Гарыныч недзе на рацэ Гарынi.

Ён аднойчы на ўзыходзе, абудзiўшыся ў лагодзе, паглядзеў на цiхi лес, на пагорак стромкi ўлез, счуў, як б’е асiну дзяцел, як бабры ў падводнай хаце дрэва смачнае грызуць, як чмялi ў палях гудуць, ды падумаў: «I чагосьцi я раблю такiя злосцi? Вунь, якiя ў свеце цуды! Мабыць, мне спынiць пракуды? А што, як у гэтым леце грымне гром, завые вецер, здрыганецца ўся зямля, прыйдзе Мурамец Iлля цi Мiкiта Кажамяка і мне голавы ўсяляка паскідае булавой?! Гэта дрэнна, вой-вой-вой!»

Змей-Гарыныч тым жа ранкам прымасцiўся каля ганка, лiст вялiзны лапуховы палажыў на стол дубовы, у чарнiла з зелянушкi абмакнуў пяро Жар-птушкi, напiсаў сваёй радне: «Прылятайце да мяне!»

Ці чыталі вы калі паэзію прозай або наадварот. «Бярозка» прапануе такі эксперымент!

26 красавіка 2016 г.

Як гаварыу дзядуля Ёся

Як гаварыў дзядуля Ёся

дзядуля Ёся

Колькі я яго памятаю, ён заўсёды быў адзін, але мяне ніколі не пакідала адчуванне, што недзе побач, у доме ці на агародзе, корпаецца яго жонка. Здавалася: вось-вось яго Сонечка аднекуль выйдзе. І гэта было цудоўна. Акалічнасць такая азначае даволі шмат. Людзі з жыцця сыходзяць, і мы пра іх успамінаем як? З сумам, з адценнем трагізму, з душэўным надрывам, аплакваючы. А ў яго ўспамінах пра жонку яна існуе як чалавек, які працягвае жыць побач з ім. Ён пра яе гаварыў больш з гумарам, чым са смуткам ці шкадаваннем. Ён мог яе, якая сышла з жыцця, падколваць, жартаваць з яе. Сонечка працягвала жыць у ім самім.

Бацькоўскае выхаванне дало мне разуменне важнасці догляду за старымі людзьмі. Памятаю, як насіў сваім бабулі і дзядулі малако праз вялікае поле. Гэта тады яно было для мяне вялікае, а потым я зразумеў, што яго шырыня метраў дзвесце. Я насіў бабулі і дзядулю праз поле малако — і адчуваў сябе героем, важным, вартым павагі чалавекам. Тыя ж пачуцці прысутнічалі і ў стасунках з дзядулем Ёсем. Дзядулі Рыгора і бабулі Ганны пазней не стала, і ён, сусед, быў быццам наш дзядуля. Да яго маглі ісці пазычыць грошай, з ім маглі праз плот размаўляць. Наш дом стаяў выхадам не на вуліцу, а да гаспадаркі — у сад, да хлявоў, агародаў, калодзежа, склепа. Гэтаксама стаяла і хата дзядулі Ёсі. І калі мы выходзілі з хат, толькі плот нас размяжоўваў. Мы яго бачылі, — і ён нас бачыў. Ён быццам увесь час прысутнічаў у нашым двары. Мама неяк прапанавала зрабіць брамку з яго двара ў наш, але ён адмовіўся. Хадзіў да нас праз вуліцу і казаў: «Праз брамку прайду — і ўбачу толькі цябе, дык я цябе і без таго бачу. А калі прайдуся вуліцай, убачу па дарозе людзей».

Вельмі ён быў строгім, як мне здавалася. Але ў памяці застаецца ўсё самае добрае. Жыццё сапраўды нагадвае бібліятэку: з часам разумееш, што толькі харошыя сачыненні застаюцца. Дзядуля Ёся так хапаў мяне за вуха, так яго накручваў, але пры гэтым абавязкова клаў у маю кішэню тры або нават чатыры яблыкі. Была ў яго такая лаянка: «Каб вашы маці больш страцілі на вашых падраных штанах, чым я на скрадзеных вамі яблыках». Гэта мудра. Падраныя штаны ў той час — сур’ёзная страта. Я разумею, што іх можна было залатаць, але гэта былі б ужо латаныя штаны, а купіць новыя — вельмі дорага.

У вёсцы заўсёды шмат працы, вялікай і маленькай — яе проста завал. Тым больш раней, калі былі сапраўдныя вялікія гаспадаркі. Сена, торф, агарод, догляд жывёлы… Але калі прыходзіў дзядуля Ёся, мама кідала любую працу і сядала з ім размаўляць. Мне здавалася, што ён з матулі пакеплівае, жартуе з яе. Але яны разам смяяліся. Потым я зразумеў, што жарты дзядулі Ёсі, якія да мяне не даходзілі, маці былі зразумелыя, і яна магла адказаць яму гэтаксама, падкалоць яго. Такі вось быў цікавы і вясёлы чалавек дзядуля Ёся.

Я бачыў, як ён мяняўся, калі да мамы і таты заходзіў, напрыклад, брыгадзір. Тады дзядуля Ёся рабіўся пахмурным, гаварыў мала. Напэўна, нешта было ў яго жыцці, звязанае з уладамі.

Да вайны ён у нашай вёсцы не жыў. Гаварылі, што ён уцёк з гета і доўга недзе хаваўся. Пасля вайны ў нашай мясцовасці пад Мірам было дастаткова яўрэяў. Там ён і пазнаёміўся са сваёй Сонечкай. Працаваў на млыне…

Уладзімір Цвірка

Чытаць далей...

19 красавіка 2016 г.

Жыцце яурэскага мястэчка

Жыцце яўрэскага мястэчка

Для многіх сёння штэтл («гарадок» на ідыш) з’яўляецца сімвалам даўно мінулай эпохі, апошнія акорды якой усё яшчэ можна пачуць на старонках кніг Шолам Алейхема, Мендэле Мойхер Сфорыма і Ісаака Башэвіса Зінгера. У агульнапрынятым сэнсе штэтл — гэта невялікі населены пункт, большасць жыхароў якога з’яўляліся яўрэямі і які мы традыцыйна называем мястэчкам. Стагоддзямі беларусы і яўрэі жылі побач адзін з адным, але многія з нас нават не ўяўляюць той дзіўны свет яўрэйскага мястэчка, які назаўжды быў знішчаны ў агні Другой сусветнай вайны.

Вядома, што яўрэі сталі актыўна сяліцца на тэрыторыі ВКЛ яшчэ ў часы Ягайлы, аднак згадкі пра першыя яўрэйскія мястэчкі на беларускіх землях адносяцца да XV—XVI стагоддзяў. Мясцовыя арыстакраты, зацікаўленыя ў ажыўленні гандлю і развіцці рамяства ў сваіх уладаннях, сталі запрашаць яўрэяў у падуладныя гарады і вёскі. Мігрантам гарантавалася бяспека і свабода веравызнання.

Першапачаткова гэты «зыход» з Еўропы не насіў масавага характару, аднак усё змянілася ў другой палове XVII стагоддзя. Сумна вядомы Крывавы патоп, падчас якога большая частка насельніцтва беларускіх гарадоў была альбо знішчана, альбо вывезена ў Маскоўскую дзяржаву, паставіў беларускія землі на мяжу дэмаграфічнай і эканамічнай катастрофы. Гэты вакуум сталі запаўняць менавіта яўрэі. Ужо ў наступным стагоддзі прадстаўнікі Богам выбранага народа складалі значную частку жыхароў правінцыі. Калі ж пасля падзелаў Рэчы Паспалітай царскі ўрад увёў мяжу аселасці і пачаў праводзіць палітыку высялення яўрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі, наш край ператварыўся ў самую сапраўдную краіну штэтлаў. Ужо да канца XIX стагоддзя каля 65% ад усяго местачковага насельніцтва беларускіх губерняў былі яўрэямі.

Чытаць далей...

Кірыл Мяцеліца

14 красавіка 2016 г.

Николи не здавацца

Ніколі не здавацца

«Я не прыгожая», «У мяне нічога не атрымаецца», «Я ні ў чым не магу даць рады», «Я адзінокі», «У чым сэнс майго жыцця?»… Сёння гэтыя думкі ўласцівыя не толькі падлеткам, якія стаяць на раздарожжы свайго жыцця і пад уплывам комплексаў, часцяком надуманых, не ведаюць, куды пайсці далей. Такія думкі ахопліваюць і дарослых людзей, знаходзяцца з імі на працягу ўсяго жыцця. А здараецца, і забіваюць гэтае самае жыццё.

Нік Вуйчыч

Такое амаль не здарылася з адным з самых знакамітых матывацыйных аматараў сучаснасці Нікам Вуйчычам. Дзесяцігадовы хлопчык, ён вырашыў пакончыць жыццё самагубствам – утапіцца ў ванне. Прычынай сталі не нейкія стандартныя падлеткавыя комплексы, а сур’ёзная хвароба – сіндром тэтраамеліі. Нік нарадзіўся без рук і амаль што без ног. Адной нагі не было ўвогуле, а замест другой — ступня з двума пальцамі, «курыная лапка» (так жартаўліва яе празваў Нік). Няцяжка ўявіць, якім складаным было жыццё хлопчыка. Але яго выратавала ад самагубства любоў: як можна пакінуць бацькоў, якія не глядзячы ні на што любяць цябе, з пачуццём віны з-за самагубства сына?

І ён не пакінуў. У пятнадцацігадовым узросце прачытаў у Евангеллі прытчу пра сляпога. Вучні спыталі ў Хрыста, чаму гэты чалавек сляпы. Хрыстос адказаў: «Каб на ім выявіліся дзеі Божыя».

«Я веру ў Ісуса. І ён дапамагае мне, – скажа ў адным з інтэрв’ю Нік Вуйчыч, - З 19-ці гадоў я выступаю публічна. Я зразумеў, што стану аратарам, калі на першым выступе ва універсітэце да мяне падышла дзяўчынка і сказала: «Ты ведаеш, ніхто не казаў мне пра тое, якая я прыгожая і пра тое, што ён мяне любіць». І тады я зразумеў, што павінен стаць чалавекам, які нясе людзям добрую вестку пра любоў і надзею».

Зараз Нік дорыць сваю шчырую ўсмешку і гісторыю пра сапраўднае шчасце людзям усіх нацыянальнасцей. Ён распавядае пра сваё жыццё і пра прынцыпы, да якіх ён прыйшоў у свае 33 гады. Напрыклад, пра тое, што трэба быць удзячным. За ўсё. Не канцэнтравацца на рэчах, якіх у цябе няма, а больш звяртаць увагу на тое, чым ты валодаеш. Можа падацца, што гэта банальныя ісціны, якія ўсе ведаюць. Ведаюць? Так. Але ці РАЗУМЕЮЦЬ? Здаецца, што не. Бо мы ўсё гэтак жа ўпадаем у дэпрэсію ад таго, што, да прыкладу, мала зарабляем. Потым, калі грошай будзе ўжо дастаткова, мы знойдзем яшчэ якую-небудзь важкую прычыну, каб быць нешчаслівым. І ніяк не ўцямім, што мо для шчасця патрэбна зусім трошкі…

Мы шмат факусуемся на сабе. І забываемся на ўвесь астатні свет. Я, я, я… Але ж… «У вашым жыцці цуду можа не адбыцца, але вы заўсёды можаце стаць цудам для іншых», — упэўнены Нік Вуйчыч.

Каб свядомасць звычайнага чалавека матэрыялістычнага 21 стагоддзя хоць трошкі змянілася і накіравалася на духоўную моц, трэба ўбачыць ужывую такі цуд, як Нік Вуйчыч. Сваёй «курынай лапкай» (з гумарам па жыцці – таксама прынцып Ніка) ён навучыўся друкаваць на камп’ютары, есці, катацца на скейтбордзе. Ён грае ў гольф, плавае, падарожнічае, піша кнігі, здымае кліпы – жыве. У яго – прыгажуня-жонка і двое дзяцей. Галоўнае ж, ён не робіць са свайго ўнікальнага становішча прычыну для жалю ці насмешак, што было б зрабіць прасцей за ўсё. Наадварот, Нік Вуйчыч становіцца прыкладам для ўсіх.

Беларусь стане 56 краінай, куды прыедзе вялікі аптыміст і аратар. Адчуць яго энэргетыку і ЗРАЗУМЕЦЬ сапраўднае можна будзе 15 красавіка на «Мінск-Арэне».

А пакуль знаёмімся бліжэй з Нікам Вуйчычам (балазе, інфармацыі ў інтэрнэце дастаткова) і настройваемся на змены ў сваім светаўспрыманні.

Паліна Лісоўская
maladost@zviazda.by

11 красавіка 2016 г.